Скрыншот: сюжэт батальёна Каліноўскага

Скрыншот: сюжэт батальёна Каліноўскага

Ва Украіне хлопец апынуўся на пачатку 2015 года.

«Прыехаў сюды для таго, каб трапіць на службу ў полк «Азоў». Пасля праходжання двухтыднёвага курса маладога байца я застаўся там са сваімі сябрамі-беларусамі працаваць інструктарамі. Мы перыядычна ездзілі на вайну», — расказвае Аляксей.

Так працягвалася каля 1,5—2 гадоў. Пасля хлопец скончыў ваенную кар'еру, вярнуўся да звычайнага мірнага жыцця. Ён жанаты.

Але калі пачалася вайна, у першы ж дзень Аляксей паехаў на базу пры «Азове».

«Першыя дні абаранялі аэрапорт у Васількове сумесна з іншымі ўзброенымі сіламі. Знаходзіліся там пару дзён, чакалі, што будзе вялікая высадка дэсанту. Пасля адтуль мы паехалі ў накірунку Гастомеля, знаходзіліся там, чакалі масіраванай атакі, але яе не адбывалася», — згадвае баец.

Сур'ёзны бой іх чакаў пад Ворзелем. Каліновец з таварышамі апынуўся за 60 метраў ад расійскай тэхнікі.

«Мы тады не ведалі, што яны пачалі маштабны наступ на Ірпень, Бучу і што нашы сілы адыходзяць ад дарогі, па якой мусіла ісці варожая тэхніка. Праехала шмат адзінак, нашы хлопцы па іх ударылі. Я калі пабачыў пяхоту, пачаў па іх працаваць. Знішчыў першых аб'ектаў [вайскоўцаў], якія з машыны вылезлі. Пасля змясціўся, каб па мне агонь не адкрылі, і пабег за сваім кулямётчыкам».

Пазней байцы накіраваліся ў гатэльны комплекс «Сан-Марына», каб дакласці абстаноўку. Камандзір прыняў рашэнне аб кругавой абароне, бо каліноўцы аказаліся ў атачэнні.

«Як толькі занялі абарончыя пазіцыі, па доме прыляцеў першы снарад з танка, параніўшы частку нашых хлопцаў. Я аказваў першую дапамогу. І калі параненых пачалі выносіць на вуліцу, бо дом стаў небяспечны, ён пачаў разбурацца, гарэць, прыляцеў другі снарад танка, праз які я быў паранены.

Мяне ўдарыла аскепкамі ў бронепліту, адарвала нагу — яна вісела на шматку скуры і сухажылля. Я упаў і разумеў, што не магу ўстаць. Побач крычалі хлопцы, што ім ногі пасякло», — апісвае тыя падзеі Аляксей.

У яго з сабой быў турнікет. З дапамогай адной рукі (бо левую перабіла аскепкамі), ён наклаў турнікет, зацягнуў і пачаў паўзці ў бяспечнае месца, бо чакаў, што будуць яшчэ прылёты ў будынак. Пасля да месца эвакуацыі яго дацягнуў таварыш з 80-й брыгады.

«Мяне адвезлі ў 7-ю гарадскую бальніцу Кіева, зрабілі поўную ампутацыю. Пасля перавялі ў іншую бальніцу, дзе мне рабілі пераліванне плазмы, крыві.

Месяц я знаходзіўся па розных бальніцах, мяне перавозілі з вобласці ў вобласць. Пасля пачаў праходзіць рэабілітацыю. Падрыхтавалі нагу да пратэзавання — развілі звязкі, мышачную сілу».

Пакуль Аляксей ходзіць на пратэзе з дапамогай мыліц. Ён вельмі спакойна разважае пра сваё месца на вайне.

«Для любога беларуса шанец праявіць сябе на вайне ва Украіне — гэта шанец наблізіцца да той свабоды, якую Беларусь даўно страціла. Шанец дапамагчы свабоднай краіне, з якой нас аб'ядноўвае гісторыя. Гэта момант адчуць сябе вольным, калі гэта вайна за справу справядлівую», — кажа баец.

Клас
77
Панылы сорам
5
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
13
Абуральна
2