На «Віталюр» падала ў суд кампанія экс-губернатара Прымор'я

Руская рыбная кампанія (РРК), адным з уладальнікаў якой з'яўляецца былы кіраўнік Прыморскага краю Сяргей Дар'кін, патрабуе з сямейнага бізнесу Яцукоў аплату і няўстойку за пастаўкі рыбы ў 2016 годзе, паведамляе Office Life.

16.03.2023 / 14:42

Фота: Office Life

Паводле судовых дакументаў, папярэднія слуханні павінны адбыцца ў Арбітражным судзе Масквы на наступным тыдні.

РРК з'яўляецца адным з найбуйнейшых дыстрыб'ютараў рыбы і морапрадуктаў на расійскім рынку. Па розных ацэнках, на яе прыпадае 10-12% усяго абароту. Пры гэтым сума прэтэнзій кампаніі экс-губернатара, якому таксама належыць адзін з найбуйнейшых здабытчыкаў рыбы ў Расіі (Находкінская БАМР), невялікая. РРК дамагаецца ад «Віталюра» пагашэння каля 10,3 млн расійскіх рублёў асноўнага доўгу і прыкладна 250 тыс. няўстойкі — па цяперашнім курсе агульная сума ў даляравым эквіваленце недацягвае да $150 тыс.

У розных расійскіх судах знаходзяцца яшчэ чатыры пазовы да «Віталюра» з боку іншых пастаўшчыкоў (не толькі рыбы). Ёсць адзін ужо задаволены. Сукупныя прэтэнзіі гэтых контрагентаў па аплаце паставак, вырабленых імі ў 2019-2022 гадах, таксама нязначныя — прыкладна на $100 тыс.

Неабходнасцю выканання абавязацельстваў перад пастаўшчыкамі тлумачылася здзелка, па якой уладальнікі «Віталюра» ў пачатку 2023 года перадалі свае крамы ў арэнду «Санта Рытэйл». Цікавы факт: РРК у свой час з'яўлялася часткай холдынгу расійскага бізнэсмэна Максіма Вараб'ёва, у якога кампанія «Санта Брэмар» у 2013-м набыла рыбаперапрацоўчы завод «Рускае мора» ў Нагінску.

Чытайце таксама:

«Віталюр» канчаткова завяршыў сваю працу

«Санта» адкрыла першыя адноўленыя крамы «Віталюр» — пакуль без рэбрэндынгу

Прадстаўнікі сеткі «Санта» расказалі, што будзе з крамамі «Віталюр»

Nashaniva.com