У Польшчы затрымалі трох беларусаў, абвінавачваюць у крадзяжы дарагой помпы з крамы

У Бялай Падляшскай затрымалі траіх беларусаў па падазрэнні ў крадзяжы помпы ў краме, паведамілі ў прэс-службе польскай паліцыі. Інцыдэнт з крадзяжом адбыўся ў пятніцу, 27 студзеня.

31.01.2023 / 18:48

У паліцыю паведамілі, што невядомыя, пакуль прадавачка адпачывала, вынеслі з крамы глыбінную помпу коштам каля 6000 злотых (у эквіваленце амаль 1,4 тысячы даляраў). Падазраваным адразу стаў кліент, які ў гэты самы дзень уважліва вывучаў гэтую помпу, выстаўленую на продаж.

Неўзабаве асобу падазраванага ў крадзяжы выявілі. Ім аказаўся 34-гадовы беларус, які быў у краме з двума землякамі. 

Пры садзейнічанні польскіх памежнікаў ён быў затрыманы разам з 43-гадовай спадарожніцай пры спробе пакінуць Польшчу.

А яшчэ праз дзень затрымалі і трэцяга меркаванага ўдзельніка аперацыі — 46-гадовага беларуса, які, наадварот, заязджаў у Польшчу, маючы пры сабе гэтую самую помпу. Мужчына заявіў, што быў упэўнены, што помпа была аплачаная ў краме раней.

На гэты момант беларусам прад'явілі абвінавачванні ў крадзяжы, па польскіх законах ім пагражае да 5 гадоў турмы. Акрамя таго, з іх узялі заклад 2500 злотых (каля 580 даляраў) у кошт будучых пеняў і штрафаў.

Чытайце таксама: 

У Польшчы п'яны беларус на BMW трапіў пад цягнік

Беларуса дэпартавалі з Польшчы за нямэтавае выкарыстанне працоўнай візы

Nashaniva.com