24 гадзіны ў суткі вернікі будуць знаходзіцца ў будынку царквы і «прасіць Бога аб тым, каб улады адумаліся, каб Бог нам давёў планы аб тым, што рабіць, і як рэагаваць на дзеянні ўладаў», сказаў Луканін.

Акрамя таго, штодня ў 19.00 будуць праходзіць спецыяльныя малітоўныя служэнні ў абарону і падтрымку царквы. На гэтыя служэнні прыхаджане «Новага жыцця» запрашаюць усіх неабыякавых людзей, у тым ліку журналістаў. «Гэта пакуль усё, што мы выпрацавалі на пасяджэнні Рады», — адзначыў юрыст.

Нагадаем, 27 лістапада рэлігійная абшчына хрысціян поўнага Евангелля «Царква «Новае жыццё» атрымала прадпісанне гаспадарчага суда Мінска, згодна з якім да 5 снежня павінна вызваліць будынак па вуліцы Кавалёва, 72 (мікрараён Сухарава).
У адваротным выпадку царквы пагражае прымусовае высяленне.

Прымусовае высяленне, як гаворыцца ў дакуменце, прызначана «на падставе судовага загаду гаспадарчага суда горада Мінска па справе № 526–12/2009 ад 23 кастрычніка». Кіраўніку царквы прадпісана да 11 раніцы 5 снежня «вызваліць памяшканне, а таксама падрыхтаваць камплекты ключоў для перадачы патрабавальніку». ЖРЭУ Маскоўскага раёна, на тэрыторыі якога размешчаны будынак абшчыны, даручана «на момант прымусовага высяленне забяспечыць транспарт, рабочую сілу і ўсё неабходнае для высялення даўжніка».

Каля сямі гадоў Мінгарвыканкам спрабуе выселіць царкву «Новае жыццё» з займанага імі будынка.

У 2005 годзе гарадскія ўлады пазбавілі рэлігійную абшчыну права карыстання зямельным участкам, выдзеленым ёй у бестэрміновае карыстанне.
Каб прыцянуць увагу грамадскасці да праблем царквы «Новае жыццё», у кастрычніку 2006 года вернікі правялі пост-галадоўку, якая цягнулася каля месяца.
Удзельнікі галадоўкі змянялі адзін аднаго, пастаянна знаходзячыся ў будынку царквы. Акцыя была спыненая пасля таго, як уладам давялося адступіць — сітуацыя вакол царквы атрымала шырокі міжнародны рэзананс. У абарону «Новага жыцця» актыўна выступілі прадстаўнікі дэмакратычных сіл, краіны ЕС, замежныя палітыкі, святары, рэлігійныя аб’яднанні.

Тым не менш, у 2009 годзе ўлады пазбавілі абшчыну права ўласнасці на будынак царквы, а ў ліпені 2010-га гаспадарчы суд Мінска наклаў на абшчыну санкцыі ў памеры 258 млн. рублёў за «забруджанне навакольнага асяроддзя». Вернікі палічылі дзеянні ўладаў незаконнымі і вырашылі не выплачваць гэтую суму. Апошнія паўтара года, прыкладна з мая 2011-га, улады не рабілі ніякіх дзеянняў у дачыненні да царквы.

За 20 гадоў існавання «Новае жыццё» атрымала больш як тры дзясяткі судовых іскаў, пастар царквы Уладзімір Ганчарэнка і юрыст Сяргей Луканін неаднаразова зазнавалі ўціск з боку ўладаў, у тым ліку адміністрацыйны пераслед.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?