Нагадаем, што 2 лістапада ў Століне быў абвешчаны прысуд забойцам 13-гадовай дзяўчынкі Юліі Ляшук.

Гэтае забойства ў навагоднюю ноч скалыхнула ўсю краіну. Два тыдні шукалі 13-гадовую дзяўчынку з вёскі Лядзец Столінскага раёна, якая прапала пасля дыскатэкі ў сельскім клубе 1 студзеня гэтага года. Дзяўчынка не дайшла да дому літаральна сто метраў.

У тую ракавую ноч яна была Снягуркай на вечары ў ДК. Паспяхова правяла праграму і каля 12 гадзін яшчэ прыбегла дадому, каб з бацькамі сустрэць Новы год.
А потым, з іх дазволу, вярнулася на дыскатэку патанцаваць.
Там быў амаль увесь яе клас і старэйшыя вучні таксама.
Вярталася дамоў з сяброўкаю. Тую забіралі бацькі на машыне, яны прапаноўвалі падвезці Юлю да самага дому. Але яна весела адмовілася: прабегчы пяць хвілін па знаёмай дарожцы на свежым паветры здалося ёй такім натуральным завяршэннем навагодняй ночы.
Калі б Юля паехала да самых веснічак, у Лядцы, відавочна, была б іншая ахвяра… Бо як высветлілася ў ходзе следства, два юныя нелюдзі напярэдадні за пляшкай абмяркоўвалі, ці змогуць забіць чалавека, а ў навагоднюю ноч зноў вярнуліся да гэтай тэмы і вырашылі праверыць сябе.
Ахвяру яны спецыяльна не выбіралі. Затаіліся на скрыжаванні дарог і напалі на першага, хто трапіў пад руку. Яны падкраліся ззаду, нацягнулі на вочы капюшон курткі і сціснулі горла… Затым доўга здзекаваліся з непрытомнай дзяўчынкі.
Паводле версіі следства, якая знайшла пацвярджэнне ў судзе, Карпавец гвалтаваў ахвяру, а яго падзельнік Галік толькі трымаў яе.
Карпавец і дабіў яе ўдарамі па шыі. Потым яны закапалі цела за вёскай, а яе рэчы, фрагменты адзення раскідалі ў розных месцах, каб заблытаць следства. І дамовіліся аб тым, што на выпадак арышту любы з іх усю віну возьме на сябе, бо за групавое злачынства даюць большы тэрмін.
Назаўтра выпаў снег, які прыкрыў сляды зверскага злачынства.
Юлю Ляшук выйшла шукаць уся вёска. Тут жа працавалі некалькі дзясяткаў міліцыянераў, супрацоўнікі МНС. Абыходзілі пустуючыя дамы, аглядалі навакольныя лясы, спецыялісты абследавалі вадаёмы. Зламыснікі былі побач і ўголас абураліся злачынствам. Карпавец нават удзельнічаў у пошуках, хадзіў з мужчынамі па закінутых хлявах і іншых пабудовах.
Пад падазрэнне траплялі многія жыхары вёскі, некаторых нават змяшчалі ў ізалятар, потым адпускалі з-за адсутнасцю доказаў. Для праверкі былі ўзяты ўзоры сліны ў 150 чалавек.
11 студзеня аналіз узялі і ў Валерыя Карпаўца. А праз некалькі дзён эксперты-крыміналісты выдалі заключэнне: на бялізне дзяўчынкі знойдзены генетычныя характарыстыкі, якія адпавядаюць геннаму матэрыялу Карпаўца. У той жа дзень яго затрымалі, ён ва ўсім прызнаўся і паказаў месца, дзе схавана цела.
Спачатку ён іграў ролю адзіночкі-забойцы, усю віну браў на сябе. А на пытанне, чаму так зрабіў, адказваў: «Быў моцна п’яны».
А па вёсцы настойліва хадзілі чуткі, што душыцель быў не адзін. Пазней Карпавец усё ж назваў імя падзельніка. Праўда, Галік спачатку адпіраўся, стараўся ўсяляк блытаць следства, але потым усё ж прызнаў свой

удзел у злачынстве.

У пачатку года абодвум фігурантам гэтай справы не было 18 гадоў.
Карпавец нідзе не вучыўся і не працаваў. Па прычыне п’янства стаяў на ўліку ў інспекцыі па справах непаўналетніх. З сям’і, дзе ён вырас, сышоў бацька, які дарэчы, знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі. У маці ёсць іншыя дзеці ад іншых мужоў. Галік вучыўся ў сельгасліцэі, але таксама з малых гадоў выпіваў, курыў, вызначаўся дрэннымі паводзінамі. Апошні быў пад значным уплывам першага, асабліва ў справе п’янства. Нічога добрага з дзяцінства яны не бачылі ў сваіх сем’ях, не атрымалі хоць кроплю чалавечнасці ў спадчыну, яшчэ не сфарміраваную асобу кожнага на корані разбурала гарэлка.

Паводле слоў начальніка аддзела па наглядзе за законнасцю судовых пастаноў па крымінальных справах пракуратуры Брэсцкай вобласці Наталлі Васярчук, якая выступала абвінаваўцай, судовы працэс быў закрытым і вельмі цяжкім перш за ўсё для бацькоў Юлі.

Прайшоў амаль год, а яны не аправіліся ад шоку.
Юлечка была цудоўнай дзяўчынкай, яна паспяхова вучылася, захаплялася замежнымі мовамі, удзельнічала ў самадзейнасці, была ад прыроды таленавітым чалавекам.
Відавочна, што забілі ў той вечар не толькі дзяўчынку, але ў нейкім сэнсе і бацькоў яе.
На пасяджэннях суда маці падтрымлівала сябе вялікімі дозамі медыкаментаў, а бацьку наогул не раз станавілася дрэнна, ён не здолеў прысутнічаць на ўсім судовым працэсе. Маці Юлі — медработнік, бацька — прадпрымальнік. Ёсць яшчэ малодшая дачка. Ад нараджэння Юля была слабенькім, хваравітым дзіцем. А потым, калі перарасла гэты перыяд, стала ператварацца ў сімпатычную разумную паненку, і гэта выглядала ці не ўзнагародай за першыя цяжкія гады яе маленства. Усё было ў іх добра. А потым жыццё паспяховай, станоўчай, перспектыўнай сям’і ў адзін міг перакрэслілі два непаўналетнія вырадкі. За што? Няма адказу на гэтае пытанне. І ніякія меры пакарання злачынцаў не здолеюць па-сапраўднаму аблегчыць боль родных і блізкіх Юлі.

Вердыкт пасяджэння судовай калегіі па крымінальных справах Брэсцкага абласнога суда вынесены. Карпавец атрымаў 15 гадоў пазбаўлення волі, Галік — 11 гадоў.

Відавочна, калі б ім на момант злачынства споўнілася па 18 гадоў, тэрміны зняволення былі б намнога большыя. Але і гэты прысуд можа быць не апошнім. Пракурор, якая прасіла для абодвух максімальна магчымы тэрмін — 15 гадоў — не згадзілася з прыгаворам, пацярпелы бок таксама палічыў пакаранне для Галіка занадта мяккім. А самі асуджаныя, не выключана, будуць прасіць паменшыць тэрміны. Так што цалкам верагодны разгляд справы і ў Вярхоўным Судзе праз некалькі месяцаў. Што ж, у кожнага ёсць права абскардзіць рашэнне суда ў вышэйшай інстанцыі.
Паводле слоў Наталлі Васярчук, у ходзе судовага працэсу яна не адчула ніякага раскаяння з боку вінаватых.
Адзінае, што адбілася на іх тварах пасля абвяшчэння прыгавору, — страх. Мабыць, яны ўжо адчулі, што турма — гэта не мёд.

Наталля Аляксандраўна абазначыла адну вельмі трывожную тэндэнцыю, якая была заўважана ёй, вопытным юрыстам, падчас разбору гэтай справы. Пасля невялікага роздуму яна назвала з’яву ёмкім беларускім словам «абыякавасць».

У той час, калі Юля ішла са злашчаснай дыскатэкі, з танцаў вярталіся таксама прыкладна сотня маладых людзей.
Устаноўлена, што з Юлі здзекаваліся амаль гадзіну. Яшчэ раней аператыўнікі, а пазней члены судовай калегіі, не маглі паверыць, што ніхто нічога не чуў і не бачыў. Дапытвалі ўсіх: ніхто нічога не сказаў. Гаспадар дома, ля падворка якога адбывалася злачынства, таксама ішоў з гасцей. І ён нічога не бачыў, не чуў. Аднекуль жа ўзяліся чуткі, што Карпавец быў не адзін. Значыць, нехта бачыў, чуў, ведаў, а падзяліцца інфармацыяй з прадстаўнікамі праваахоўных органаў не захацеў. Людзі як быццам не разумеюць ці не хочуць разумець, што сёння пад руку злачынцам трапілася дачка суседа, а заўтра на гэтым месцы можа быць іх дачка.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?