«У нас няма санкцый супраць асабіста Беларусі і супраць беларускай эканомікі — ёсць абмежаванні, якія адносяцца да пэўных асоб і іх дзейнасці», — заявіў пасол Федэратыўнай Рэспублікі Германія ў Беларусі Вальфрам Маас.

Беларусі трэба разумець пазіцыю ЕС, мяркуе дыпламат. «Беларусь зусім справядліва патрабуе, каб з ёю абыходзіліся як з нармальнай еўрапейскай дзяржавай, і Беларусь разглядаецца намі як еўрапейская дзяржава. Менавіта таму і меркі прыкладаюцца еўрапейскія», — растлумачыў пасол.

Разам з тым, заўважыў ён, «Беларусі ніхто не навязваў сваю волю». «Размова ідзе пра дамоўленасці і абавязацельствы, якія краіна добраахвотна ўзяла на сябе ў межах ААН ці АБСЕ.
Цалкам зразумела, што для ЕС вельмі важна, каб Беларусь выконвала гэтыя сумесна ўзгодненыя прынцыпы», — падкрэсліў Маас.

Еўрасаюз, паводле яго слоў, садзейнічае таму, каб гэтыя прынцыпы ўвасабляліся ў жыццё: «Мы робім усё для таго, аб адкрыць усе магчымасці для максімальнага абмену ва ўсіх сферах». У якасці прыкладу дыпламат прывёў прапановы ЕС аб спрашчэнні візавага рэжыму.

Што тычыцца магчымасці пашырэння еўрапейскіх санкцый, то, на думку кіраўніка пасольства Германіі, гэта можа жорстка ўдарыць па ўсім беларускім народзе.
«Эфектыўнасць якіх-небудзь мер у выніку заўсёды з’яўляецца пытаннем веры ці нявер’я. Думаю, усім зразумела, да чаго мы імкнемся, і зразумелая наша гатоўнасць падаваць пэўныя знакі ў імя дасягнення тых мэтаў, якія мы сабе ставім. Пашырэнне эканамічных санкцый — мера, якая, магчыма, вельмі жорстка ўдарыла б па ўсім беларускім народзе, а ў гэтым мы ніяк не можам быць зацікаўлены», — сказаў Маас.

Прыняцце нейкіх санкцый супраць беларускай эканомікі і народа Беларусі не з’яўляецца мэтай ЕС, падкрэсліў пасол. «ЕС імкнецца адрасаваць свае санкцыі выключна супраць тых, хто, з нашага пункту гледжання, нясе адказнасць за дзеянні, якія не павінны ажыццяўляцца», — рэзюмаваў нямецкі дыпламат.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?