Таямнічая істота знішчыла фактычна ўсіх курэй, трусоў і качак у пасёлку з насельніцтвам 6 тысяч, які знаходзіцца ў Салігорскім раёне Мінскай вобласці. Нападзенні адбываюцца амаль кожную ноч. Людзі з надыходам цемры баяцца выходзіць на вуліцу, паведаміла АНТ.

Вольга Адэрыха ні на секунду не адпускае руку трохгадовай дачкі. Пасля перажытай ночы яна баіцца пакідаць маленькую Сашу без нагляду. У апраметнай цемры хтосьці ці штосьці напала на іх гаспадарку. Двор быў літаральна засланы тушкамі мёртвых курэй. Птушкі не проста былі, як кажуць дасведчаныя гаспадыні, задушаныя — у нясушак выпітая кроў.

Цалкам знішчыўшы гаспадарку Вольгі, невядомая істота свой голад не насыціла. І адправілася ў суседні двор.

Даволі глыбокія сляды вядуць да хлява, дзе госць абяскровіў ужо 20 курэй. А каб дабрацца да жыўнасці, драпежнік выламаў дзверы, адагнуўшы трывалы цвік.

Пра сілу невядомага візіцёра кажа і пралом у плоце.
Няпрошаны госць зрабіў даволі вялікі праход. Некаторыя дошкі ён ссунуў у бакі, а адну нават вырваў, нягледзячы на моцна ўвагнаныя цвікі даўжынёй 8 сантыметраў.

Мясцовыя спачатку хацелі спісаць усё на выхадкі тхароў або шалёнай лісы, але сляды ад іклоў на плоце занадта вялікія.

Пасля таго як істота, праламаўшы сцяну ў хляве, напала на свінняў, пасёлак застыў у жаху.

Некаторыя жыхары запэўніваюць, што бачылі нападніка. Але добра разгледзець у цемры не змаглі, а падысці бліжэй пабаяліся.

Колькасць знішчанага пагалоўя птушак у пасёлку ідзе ўжо на тысячы — на многіх вуліцах хатніх жывёл наогул не засталося. Няпрошаны госць знішчыў нават катоў. Усе сталы ў мясцовай адміністрацыі літаральна заваленыя лістамі і калектыўнымі зваротамі напалоханых людзей. Яны патрабуюць абараніць іх. Але ў выканкаме пакуль не ведаюць ад каго, а галоўнае — як.

Сельскія страхі падаграваюцца чуткамі пра так званую чупакабру.
Гэта істота з фальклору народаў Паўднёвай Амерыкі, якая п’е кроў хатніх жывёл. Аднак афіцыйных пацверджанняў пакуль няма. «Чупакабру» неаднаразова лавілі, але ёй аказваліся то шалёныя каёты, то шаблязубыя кенгуру, якія мутавалі.

Падобныя выпадкі нападзенняў на скаціну ўжо былі ва Украіне і Расіі, але такога маштабнага знішчэння хатніх жывёл, як у Беларусі, пакуль яшчэ не было. Не схільныя да містыкі спецыялісты па лясным насельніцтве спрабуюць вызначыць крывапіўца тэарэтычна.

Пакуль спецыялісты варожаць, хто трымае ў страху Старобін, мясцовыя жыхары перасталі выходзіць на вуліцу ў цемры.

Ужо ў прыцемках 6-тысячны пасёлак нагадвае горад-прывід. Многія нецярпліва чакаюць, калі ж тут дабудуюць новую царкву. Людзі ўпэўненыя: тады істота, якая нападае, сапраўды пакіне іх у спакоі.

Зазначым, што мінулы раз — ніякіх паралеляў і намёкаў — чупакабра з’яўлялася ў самы разгар валютнага крызісу ў Беларусі, у маі 2011 г., акурат перад дэвальвацыяй.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?