У Першамайскім раёне Мінска затрыманая група падлеткаў, якія кралі ровары.

Як паведамілі ў ГУУС Мінгарвыканкама, пяць мінчан ва ўзросце 16—19 гадоў з мая па жнівень гэтага года ўчынілі серыю крадзяжоў ровараў.
Выкрадаліся ровары з пад'ездаў жылых дамоў па вуліцах Валгаградскай, Кнорына, Талбухіна, Лагойскім тракце і праспекце Незалежнасці. Яны пранікалі ў пад'езды і абследавалі паверхі. Крадзяжы ўчыняліся галоўным чынам познім вечарам.

Пазваніўшы ў дамафон, падлеткі прасілі адчыніць дзверы, спасылаючыся на забытыя ключы. Заходзілі ў пад'езды па два-тры чалавекі і паднімаліся на загадзя прыкмечаны паверх. Супрацьугонныя і запорныя прылады ровараў узломліваліся ці перакусваліся пры дапамозе інструментаў.

Выкрадзеныя транспартныя сродкі коштам ад 300 да 500 долараў аператыўна прадаваліся па вельмі нізкіх цэнах — за 300-400 тысяч рублёў. Утаргаваныя грошы саўдзельнікі дзялілі пароўну.

Падазроныя былі затрыманыя ў выніку правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў супрацоўнікамі крымінальнага вышуку Першамайскага РУУС. Двое з іх былі раней судзімымі за крадзеж, адзін — за незаконны абарот наркатычных сродкаў.

19-гадовы арганізатар злачынстваў знаходзіцца ў СІЗА, астатнія — адпушчаныя пад абавязацельства яўкі.

Паводле ацэнак аператыўнікаў ад дзеянняў злодзеяў пацярпелі як мінімум 15 уладальнікаў ровараў. Агульная сума ўрону склала прыкладна 30 мільёнаў рублёў. Дачыненне групы да іншых падобных злачынстваў правяраецца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?