Двум кароткатэрміновым назіральнікам Парламенцкай асамблеі АБСЕ з Германіі і Літвы, якія планавалі прыехаць у Беларусь, адмовілі ў выдачы беларускіх віз, паведаміла прэс-служба ПА АБСЕ.

Каардынатар місіі кароткатэрміновых назіральнікаў ПА АБСЕ Матэа Мекачы заявіў, што ён расчараваны гэтай навіной.

«Я спадзяюся атрымаць вычарпальнае тлумачэнне ад уладаў па гэтым пытанні, каб быць упэўненым, што атмасфера для місіі па назіранні застанецца спакойнай і што наша праца будзе магчымая без забаронаў ці абмежаванняў, як і было заяўлена ў накіраваным нам запрашэнні ўзяць удзел у назіранні», — гаворыцца ў спецыяльнай заяве Мекачы.

З 9 па 12 верасня Матэа Мекачы і прэзідэнт ПА АБСЕ Рыкарда Мільёры наведалі Беларусь з візітам. Яны сустракаліся з афіцыйнымі прадстаўнікамі ўладаў, некаторымі кандыдатамі ў дэпутаты, прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, сваякамі палітзняволеных, журналістамі.

Мекачы тады паведаміў, што на сустрэчы з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем абмяркоўвалася ў тым ліку пытанне «аб магчымасці прыезду назіральнай місіі ПА АБСЕ ў поўным складзе, незалежна ад краіны паходжання яе членаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?