Незвычайнае для сталіцы ноу-хау прыдумаў сёлета адзін з арганізатараў Міжнароднай выставы-кірмашу «Паляванне і рыбалоўства. Восень-2012», якая пройдзе ў Мінску з 27 па 30 верасня. Беларускае таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) прапануе гасцям прыняць удзел у аўкцыёне, дзе яны змогуць набыць лася, аленя, кабана або казулю.

Пра гэта паведаміў начальнік упраўлення палявання і рыбалоўства БТПР Анатоль Малажаўскі.

Прадавацца будуць не самі жывёлы — удзельнікам аўкцыёну будуць прапанаваныя разавыя дазволы на паляванне.

«Абраўшы жывёлу і вызначыўшыся з паляўнічай гаспадаркай, ахвотныя змогуць пагандлявацца за яго, а затым паехаць у гэтую гаспадарку, купіць паляўнічую пуцёўку і ўпаляваць сваю жывёліну», — растлумачыў начальнік упраўлення.

Па словах Анатоля Малажаўскі, сказаць цяпер, колькі будзе каштаваць удзельнікам аўкцыёну той ці іншы лот, нельга — гэта пытанне пакуль прапрацоўваецца. Кошт будзе залежаць ад выгляду жывёлы, яе ўзросту. «Кожнае паляўнічая гаспадарка сама ўстанаўлівае гэтыя кошты, таму мы пакуль толькі збіраем звесткі. Аднак ужо цяпер можна сказаць, што кошты на аўкцыёне будуць некалькі вышэйшыя, чым у гаспадарках», — сказаў ён.

Аўкцыён на жывёл арганізатары плануюць праводзіць 28 і 29 верасня ў два этапы — зарэгістравацца яго ўдзельнікі змогуць з 11.00 да 13.00, а таксама з 15.00 да 17.00.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?