Як цяпер дзяржаўныя грошы дастаюцца тым, хто набліжаны да Лукашэнкі, гэтак раней яны даставаліся тым, хто быў набліжаны да Кебіча, прэм’ер-міністра.
Прадаваць зброю, калійныя ўгнаенні, метал, купляць энерганосьбіты, бавоўну, тытунь, паперу абы-каму не давалі і не дадуць. Як і займацца фінансавымі аперацыямі, з паветра рабіць грошы на розніцы курсаў валюты...

Апроч гэтых класічных спосабаў пераводу дзяржаўнага капіталу ў прыватны, ёсць яшчэ і спосабы экзатычныя. Яны таксама магчымая толькі пры асабістых кантактах бізнэсу і ўлады.

Вось праект «бізнэс-улада», які быў рэалізаваны ў пачатку 90-х.

Адзін бізнэсовец, які цяпер шчасліва знаходзіцца за мяжой, і адзін прадстаўнік улады, які зараз шчасліва знаходзіцца ў адстаўцы і займаецца бізнэсам, дамаўляюцца пра тое, што яны знойдуць у Беларусі золата, якога так не хапае для шчаслівай будучыні народа і краіны. Што ж, дамоўлена, дык зроблена. З далёкай сібірскай рэчкі Залацінкі прыганяецца вагон залатаноснай пароды, якая высыпаецца ў кар’ер пад Мікашэвічамі.
Гатова, золата ў Беларусі ёсць, а для недаверлівых, калі ласка, аналіз залатаноснай пароды з Мікашэвіцкага радовішча. Дзе ж яшчэ быць золату, як не побач з гранітам. Цяпер застаецца ўсяго нічога: выдзеліць пару мільёнаў долараў дзяржаўнага крэдыту для таго бізнесоўца, які знайшоў тое залатое радовішча, каб ён пачаў ягоную прамысловую распрацоўку. Ну, і выдзелілі, і падзялілі... А будуць яшчэ казаць, што ў беларусаў слабаватая прадпрымальніцкая жылка.

* * *

У першыя дні майго жыцця ў Варшаве раптам апанаваў мяне адчай.
Я страціў разуменне ўсіх прычын, па якіх апынуўся за мяжой, якія, здавалася, да рэшты разумеў ад’язджаючы — і не было сіл на тое, каб паспрабаваць зноўку ўцяміць: як яно ўсё так сталася?.. Я не жадаў ні чуць нікога, ні бачыць, не хацеў ведаць ні таго, што пра мяне кажуць, ні казаць нешта, што пра іншых ведаў.

Цяпер, па часе, я разумею, што псіхалагічны стан быў абумоўлены фізічным пачуваннем, тым, што я не ачомаўся ад інсульту, але тады душа, нутро маё знемагала — і пры чым тут інсультныя мазгі?..

Я не ведаў, куды сябе падзець. Мяне прадалі тыя, каго любіў. Значыць, трэба іх і ўсё з імі звязанае адкінуць, адпрэчыць. Забыць. Як не маё, як чужое.

У адпакаёўцы маіх даўніх, яшчэ студэнцкіх сяброў, дзе мясціліся мы ўшасцёх з коткай і сабакам, не было ніякіх беларускіх кніг, апроч маёй кнігі «Выбранае», некалі сябрам маім надпісанай,

і я пачаў перачытваць самога сябе, і ўпершыню прачытаў сябе самога, як некага іншага, чужога — і шпульнуў кнігу ў акно.
Праз пяць хвілін мне здалося гэтага мала, я выйшаў на вуліцу, дзе каля дзіцячага шпіталя два мужыкі калупаліся ў зямлі, папрасіў у іх лапату, знайшоў метраў за трыста закінуты двор, выкапаў яму і пахаваў кнігу, прытаптаўшы зямлю... Так яна там, мусібыць, і ляжыць — непадалёку ад беларускай амбасады.

Мне захацелася пахаваць мінулае — гэтак я ў ім усё ўзненавідзеў!..

Нічога і нікога пахаваць я не здолеў. Усё і ўсе ўва мне. Як тая, якую не перапісаць, закапаная кніга.

* * *

Рэдактар «Gazety Wyborczaj» Адам Міхнік страшна раздражнёны першымі публікацыямі пра маё з’яўленне ў Варшаве ў газеце польскіх левых «Тrybuna», якіх і якую ён на дух не выносіць. Тым не менш, паабяцаў падтрымку — і выклаў сваё асабістае меркаванне пра эміграцыю.

Міхнік згадаў польскую эміграцыю пачатку 80-х гадоў. Тысячы людзей з’ехалі за мяжу. Нехта — ратуючыся, хтосьці — пратэстуючы супроць увядзення ў Польшчы ваеннага становішча. Калі ўсё мінула і яны вярнуліся — ніхто іх, вядома, эміграцыяй не папракаў.

І ўсё ж вісела над імі нявыказанае: «А што ж вы, курвы, там рабілі, калі мы тут за алей для дзяцей у крамах біліся ды ў вязніцах сядзелі?..» І ніхто з гэтай эміграцыйнай хвалі — ні палітыкі, ні журналісты, ні акцёры, ні літаратары так і не здолелі вярнуць той маральны капітал, які мелі да эміграцыі, а тым больш папоўніць яго, ці здабыць новы. На першыя ролі і ў палітыцы, і ў журналістыцы, і ў мастацтве выйшлі тыя, хто заставаўся на радзіме, біўся ў крамах за алей і сядзеў у вязніцах.

Намёк у вельмі тонкай польскай вуалі — наскрозь празрыстай...

Ранейшыя публікацыі з цыклу шукай на NN.BY

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?