Масква можа ўгаварыць Мінск прытуліць прэзідэнта Сірыі Башара Асада, калі ён пакіне пасаду.
Такое меркаванне ў інтэрв’ю газеце «Коммерсантъ» выказаў старшы навуковы супрацоўнік Цэнтра міжнароднай бяспекі Інстытута сусветнай эканомікі і міжнародных адносінаў Расійскай акадэміі навук Уладзімір Сотнікаў.

У апублікаваным 3 ліпеня інтэрв’ю турэцкай газеце Cumhuriyet Асад упершыню выразна заявіў, што гатовы пайсці, калі пераканаецца, што гэта прывядзе да ўрэгулявання ўзброенага канфлікту з апазіцыяй, адзначае расійскае выданне.

Пра тое, што заходнія краіны, і найперш ЗША, робяць актыўныя спробы пераканаць Маскву забраць да сябе сірыйскага лідара і даць яму палітычны прыстанак, «Коммерсанту» паведаміла «інфармаваная крыніца» ў расійскіх дыпламатычных колах. Паводле яе слоў, гэты факт поўнасцю дэзавуюе інфармацыю, якая распаўсюджваецца апошнім часам у заходніх СМІ, пра тое, што Расія вырашыла даць Башару Асаду палітычны прыстанак і што ён ўжо ледзь ці не ўсе свае зберажэнні перавёў у РФ. «У нас планаў забіраць Асада не было і няма»,- сказаў суразмоўца.

«Масква можа даць Асаду палітычны прыстанак, калі зразумее, што Захад не гатовы даць сірыйскаму лідару і яго сям’і гарантыі бяспекі», — заявіў Уладзімір Сотнікаў.

Ён не выключае, што Масква «правядзе перамовы з Беларуссю і, каб лішні раз не раздражняць грамадскае меркаванне на Захадзе, угаворыць Мінск прытуліць Асада — Лукашэнка да гэтага гатовы», - мяркуе палітолаг.

У красавіку 2010 года прыстанак у Беларусі паводле прапановы Лукашэнкі атрымаў звергнуты прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў. У жніўні-верасні 2011 года распаўсюджвалася інфармацыя, што Беларусь у якасці прыстанку абраў лівійскі лідар Муамар Кадафі, аднак яна не атрымала афіцыйнага пацвярджэння, а сам дыктатар быў забіты ў сябе на радзіме.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?