Генеральны дырэктар хакейнага клуба «Дынама» (Мінск) Аляксей Торбін падаў заяву ў пракуратуру Фрунзенскага раёна Мінска з просьбай прыцягнуць да крымінальнай адказнасці галоўнага рэдактара спартыўнай газеты «Прессбол» Уладзіміра Беражкова.

Падставай для звароту паслужыла апублікаванае 21 мая інтэрв’ю Беражкова «БелГазете» пад назвай «Грошы засцілаюць вочы».
У матэрыяле гаворка ішла пра нерацыянальнае, на думку журналіста, выкарыстанне сродкаў, што выдзяляюцца на развіццё хакея, у тым ліку мінскага «Дынама».
Торбін абвінаваціў галоўнага рэдактара ў распаўсюджванні заведама непраўдзівай інфармацыі і паклёпе,
які згодна з ч. 2 арт. 188 Крымінальнага кодэкса караецца штрафам або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, або арыштам на тэрмін да шасці месяцаў, або абмежаваннем волі на тэрмін да трох гадоў.
Гендырэктар «Дынама» інкрымінуе Беражкову фразы: «У „Дынама“ ёсць бюджэт каля 25 млн. долараў, і распілаваць яго — задача падсвядомая, якая мімаволі дамінуе над усімі астатнімі. Грошы ж не свае — іх трэба хуценька асвоіць» і «У кіруючыя колы не ўваходжу, але, магчыма, зноў прагучаць гучныя словы наконт таго, што „шайбу трэба лавіць зубамі“, „аддаваць сябе поўнасцю“, „кроў з носу“ і г.д.
Патрасуць паветра, супакояцца, а потым у „Дынама“ зноў будзе калі не 15 легіянераў, то не менш чым 10. Сістэма праядання не зменіцца. Нават у перыяд леташняга крызісу ўсе засталіся пры сваім. Можа, грошай менш стала, але 15-я лічба кожнага месяца як была днём распілу, так і засталася. У гэтыя дні людзі атрымліваюць у сваіх клубах вялікія зарплаты і пачынаюць іх раздаваць тым, хто садзейнічаў выдзяленню грошай».
27 чэрвеня Беражкоў даў тлумачэнні ва УУС Маскоўскага раёна. Ён падкрэсліў, што размова ідзе аб сістэме, і чаму «Дынама» прымярае сітуацыю выключна на сябе, яму невядома.

«Заява з просьбай прыцягнуць мяне да адказнасці з’явілася не раптам. Гэта працяг дзявятага валу, які накатваецца на газету, — заявіў БелаПАН Беражкоў. — Усё пачалося яшчэ вясной, калі „Прессбол“ перасталі пускаць на мерапрыемствы, якія арганізуе клуб. Мае спробы дазваніцца кіраўнікам „Дынама“ былі беспаспяховымі. Я напісаў ліст з просьбай абгрунтаваць адмовы ў акрэдытацыі, бо такія дзеянні з’яўляюцца парушэннем закона аб СМІ. Праз месяц прыйшоў адказ ад Торбіна, які паведаміў, што мы публікуем недакладную інфармацыю, якая закранае гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю клуба, але канкрэтных прыкладаў не прывёў. Тры дні таму я накіраваў лісты кожнаму члену назіральнага савета „Дынама“, у тым ліку міністру спорту Качану, памочніку прэзідэнта па спорце Заічкаву, гендырэктару „Мінск-Арэны“ Ананьеву, старшыні савета Бародзічу, з просьбай звярнуць увагу на сітуацыю. Цяпер чакаю адказаў».

Беражкоў таксама адзначыў, што ў рэдакцыю з Міністэрства інфармацыі двойчы — 28 мая і 27 чэрвеня — паступілі лісты, падставай для якіх сталі скаргі клуба на публікацыі ў газеце.

«У першым выпадку скардзіліся на анекдоты, і Мінінфарм запатрабаваў прыслаць газету з абвяржэннем і прабачэннем.
Але мы прадставілі свае довады — іх міністэрства прыняло. У другім выпадку нас просяць прыслаць пацвярджэнне інфармацыі, на якую на пяці лістах скардзіцца клуб. Будзем рыхтаваць аргументаваны адказ», — паведаміў галоўны рэдактар выдання.

«Па ўсім бачна, што хтосьці разышоўся ва ўсю і некалькі аганізуе, — заявіў Беражкоў. — Бо апублікаваныя ў „Прессболе“ матэрыялы аб стане спраў у беларускім хакеі — гэта фактычна прыгавор. Адміністрацыйнага рэсурсу ў гэтых людзей нямерана. Але гэта не адказвае на галоўнае пытанне: як расходуюцца грошы? Чаму львіная іх доля ідзе на легіянераў, а наша зборная другі год запар займае 14-е месца на чэмпіянаце свету?»

Беражкоў выказаў неразуменне, чаму клуб не захацеў скарыстаць старонкі газеты для выкладання сваёй пазіцыі.

«За 22 гады, што выдаецца газета, назапашаны вялікі вопыт „ваенных дзеянняў“. „Прессбол“ працягвае выходзіць, затое „падбітых лётчыкаў“ — цэлыя могілкі.

Мы не збіраемся ператвараць газету ў балаган і поле бітвы. Калі клуб звернецца да нас — мы гатовы пачаць з чыстага ліста. Калі вайна — будзем абараняцца ўсімі законнымі спосабамі», — сказаў Беражкоў.

Аляксей Торбін заявіў tut.by, што зварот клуба ў праваахоўныя органы звязаны з «паклёпніцкімі заявамі Уладзіміра Беражкова аб „адкатах“ і „распілах“ у клубе». «Лічым правільным звярнуцца ў кампетэнтныя органы. Няхай яны правядуць адпаведную праверку і прымуць меры па прыцягненні Беражкова за паклёп да ўстаноўленай законам адказнасці. Лічым, што гэта абсалютна цывілізаваная форма паводзінаў клуба ў такой сітуацыі», — сказаў гендырэктар «Дынама».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?