Авіякампанія Lufthansa не разглядае магчымасці набыцця Нацыянальнай авіякампаніі «Белавія».
Аб гэтым на сустрэчы з беларускімі журналістамі паведаміў дырэктар па карпаратыўных камунікацыях Lufthansa ў Еўропе Аге Дзюнхаўпт, адказваючы на пытанне аб магчымай прыватызацыі беларускай авіякампаніі.
«Мы маглі б цяпер разглядаць для куплі толькі такую кампанію, якая прыносіць мільённы прыбытак», — сказаў прадстаўнік Lufthansa.

Пры гэтым Дзюнхаўпт звярнуў увагу на поспехі нямецкай авіякампаніі на беларускім рынку. У 2011 годзе ў Беларусі Lufthansa перавезла больш чым 70 тысяч пасажыраў, што на 10% больш, чым годам раней.

Паводле слоў Дзюнхаўпта, такія сур’ёзныя тэмпы росту на беларускім рынку ў 2011 годзе былі дасягнуты дзякуючы адкрыццю дадатковых рэйсаў. «Каб надалей нарошчваць аб’ёмы перавозак, Lufthansa трэба або павялічваць колькасць рэйсаў, або выкарыстоўваць больш умяшчальныя авіялайнеры. І тое, і іншае пакуль складана», — адзначыў прадстаўнік нямецкай авіякампаніі.

Цяпер сярэдняя запаўняльнасць рэйсаў Lufthansa ў Беларусі складае каля 80%. «Пры гэтым трэба ўлічваць, што стопрацэнтнай запаўняльнасці рэйсаў у авіябізнесе не бывае, калі толькі кампанія не прадае свае білеты занадта танна», — адзначыў дырэктар па карпаратыўных камунікацыях.

Lufthansa прапануе мноства стыковачных рэйсаў праз Франкфурт. Расклад палётаў авіякампаніі ўключае рэйсы больш чым у 200 гарадоў па ўсім свеце. Звычайная цана білета авіякампаніі пачынаецца ад 199 еўра без уліку падаткаў.

У апошні час самымі папулярнымі еўрапейскімі напрамкамі для падарожнікаў з Мінска былі такія гарады, як Франкфурт, Мюнхен і Жэнева, а далёкамагістральнымі — Нью-Ёрк, Вашынгтон і Пекін.

Авіякампанія Lufthansa — нацыянальны авіяперавозчык Германіі, найбуйнейшая авіякампанія Еўропы і пятая ў свеце па колькасці перавезеных пасажыраў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?