Беларусь — самы блізкі і верны саюзнік Расіі і будзе працягваць выступаць за развіццё цесных дружалюбных адносінаў, заявіў Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы сустрэчу з Уладзімірам Пуціным у пашыраным складзе ў рэзідэнцыі «Заслаўе» 31 мая.

«Як ужо сказаў прэзідэнт [Пуцін], вельмі сімвалічна, што яго першы візіт праходзіць у Беларусь.

Ад усёй душы вітаю вас на вашай беларускай зямлі, не чужой для вас», — сказаў Лукашэнка.

Ён зазначыў, што візіт Пуціна праходзіць напярэдадні 20-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносінаў паміж дзвюма краінамі.

«За гэтыя гады мы прайшлі сур’ёзны шлях выбудоўвання двухбаковых адносінаў і дасягнулі выключных вынікаў па ўсіх кірунках узаемадзеяння, — заявіў беларускі кіраўнік. — Сёння мы можам канстатаваць, што на постсавецкай прасторы не існуе больш прасунутай інтэграцыі, чым Саюзная дзяржава. Мільёны людзей атрымалі ад гэтага рэальную аддачу».

Лукашэнка падкрэсліў, што напрацоўкі ў межах Саюзнай дзяржавы сталі фундаментам для фармавання Мытнага саюза і Адзінай эканамічнай прасторы. Гаворачы пра эканамічнае супрацоўніцтва, ён выказаў упэўненасць, што сёлета тавараабарот паміж дзвюма краінамі перавысіць 40 млрд даляраў. «Аднак у сучасных умовах неабходна забяспечваць далейшае нарошчванне аб’ёмаў гандлю. Трэба ствараць сумесныя прадпрыемствы, холдынгі і спыняць канкураваць паміж сабой хаця б на рынку Мытнага саюза», — заявіў Лукашэнка.

Ён выказаў удзячнасць Пуціну за падтрымку ідэі будаўніцтва АЭС у Беларусі і падкрэсліў, што паводле традыцыі прэзідэнты Беларусі і Расіі возьмуць найбольш важную тэму двухбаковых адносінаў пад асабісты кантроль.

«Сам-насам мы абмеркавалі шэраг праблем, знайшлі поўнае ўзаемаразуменне па гэтых праблемах. Закрытых тэм у нас няма не толькі ў эканоміцы, але і ў палітыцы, і ў ваенна-тэхнічнай сферы. Мы як ніколі адзіныя», — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?