Часовыя абмежаванні нагрузак на летні перыяд пачалі дзейнічаць у Беларусі на рэспубліканскіх дарогах з 20 мая, паведаміла прэс-служба дэпартамента «Белаўтадар».

Згодна з пастановай Міністэрства транспарту і камунікацый, з 20 мая па 31 жніўня ў дзённы час сутак (з 11.00 да 21.00) пры тэмпературы паветра вышэй за 25°С абмяжоўваецца рух транспартных сродкаў з нагрузкай на адзіночную вось больш як 6 тон па рэспубліканскіх аўтамабільных дарогах з асфальтабетонным пакрыццём.

Рух згаданага аўтатранспарту дазволены ў начны час з 21.00 вечара да 11.00 раніцы.

Варта зазначыць, што часовыя абмежаванні не распаўсюджваюцца на перавозкі пасажыраў, жывых жывёл, кветак, грузаў гуманітарнай дапамогі, бетонных і асфальтабетонных сумесяў, небяспечных грузаў, скорапсавальных грузаў, насеннага фонду і перавозак, звязаных з прадухіленнем або ліквідацыяй надзвычайных сітуацый.

На аўтамабільных дарогах устаноўлены часовыя дарожныя знакі, для транспартных сродкаў, якія трапляюць пад абмежаванні, вызначаны пляцоўкі і месцы адстою. За перамяшчэннем «цяжкавагавікоў» арганізаваны пастаянны кантроль. «За пашкоджанні дарог, выкліканыя перамяшчэннем з парушэннем абмежаванняў, вінаватыя будуць прыцягвацца да адказнасці ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам», — падкрэслілі ў «Белаўтадары».

Як патлумачылі ў дэпартаменце, абмежаванні абумоўленыя тым, што пры высокіх станоўчых тэмпературах дэфармацыйныя і трываласныя ўласцівасці дарожных пакрыццяў істотна пагаршаюцца. Прасцей кажучы, асфальтабетоннае пакрыццё ў гэты час пад уздзеяннем павышаных восевых нагрузак транспарту дэфармуецца, што прыводзіць да стварэння ўвагнутасцяў, зрухаў, бугроў і ўпадзін, да з’яўлення каляін. У выніку народная гаспадарка нясе ўнушальныя страты. Апрача таго, ствараецца зусім рэальная пагроза бяспецы дарожнага руху. Таму пастановы аб абмежаванні руху аўтатранспарту прымаюцца штогод.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?