Міністэрства фінансаў разлічвае ў найбліжэйшы тыдзень канчаткова ўзгадніць пазіцыі з Антыкрызісным фондам (АКФ) ЕўрАзЭС, вынікам чаго будзе выдзяленне Беларусі трэцяга транша крэдыту фонду ў памеры 440 млн. долараў.

«На наступным тыдні мы будзем сустракацца са спецыялістамі Антыкрызіснага фонду, з кіраўніцтвам Міністэрства фінансаў Расійскай Федэрацыі, з тым каб канчаткова ўзгадніць нашы пазіцыі», — паведаміў міністр фінансаў Андрэй Харкавец, адказваючы 17 мая на пытанне падчас прамой лініі, арганізаванай Мінфінам.

Беларускі бок, паводле яго слоў, разлічвае на станоўчы вынік гэтай сустрэчы ў Астане.

Праект ліста аб дзеяннях урада і Нацыянальнага банка ў сферы грашова-крэдытнай палітыкі «па апошняй версіі Міністэрства фінансаў, максімальна набліжанай да прапаноў Антыкрызіснага фонду», накіраваны ў АКФ і зараз актыўна вывучаецца і аналізуецца, сказаў міністр.

***

Нагадаем, 21 лютага кіраўніцкі дырэктар па забеспячэнні дзейнасці Антыкрызіснага фонду ЕўрАзЭС, намеснік старшыні праўлення Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР) Сяргей Шаталаў заявіў, што ЕАБР, кіраўнік сродкамі АКФ, чакае ад Беларусі новы ліст аб намерах, які разам з крэдытным пагадненнем вызначае ўмовы крэдыту, што выдзяляецца Мінску.

3 мая кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова паведаміла, што Антыкрызісны фонд патрабуе ад Беларусі зрабіць больш жорсткімі падыходы да крэдытавання эканомікі, у прыватнасці скараціць рост крэдытаў, каб рост крэдытнага партфеля банкаў быў меншым, чым гэта прадугледжана асноўнымі паказчыкамі развіцця Беларусі.

«Мяркую, гэта не зусім абгрунтавана. Парламент прыняў закон (аб сацыяльна-эканамічных паказчыках развіцця і кірунках грашова-крэдытнай палітыкі. — БелаПАН.), прэзідэнт яго падпісаў, а цяпер фонд хоча, каб мы гэта перагледзелі. Думаю, што гэта не зусім правільна», — сказала Ермакова. Зазначыўшы, што цяпер над гэтай тэмай працуюць эксперты, кіраўнік Нацбанка выказала надзею на тое, што «да канца мая пытанне вырашыцца».

Варта зазначыць, што раней Беларусь таксама ўзяла на сябе абавязацельствы перад Антыкрызісным фондам па аб’ёме прыватызацыі. Згодна з дамоўленасцямі па выніках студзеня-верасня 2012 года паступленні ад прыватызацыі павінны скласці 1,2 млрд. долараў, а па выніках года — 2,5 млрд. долараў.

АКФ ЕўрАзЭС створаны ў 2009 годзе, сродкамі фонду кіруе Еўразійскі банк развіцця. У чэрвені 2011 года Савет фонду прыняў рашэнне аб выдзяленні Беларусі фінансавага крэдыту ў 3 млрд. долараў ЗША. Да канца мінулага года ў Беларусь паступілі два траншы крэдыту на агульную суму 1,24 млрд. долараў. Трэці транш у памеры 440 млн. долараў ЗША Беларусь спадзявалася атрымаць у канцы лютага 2012 года, аднак перамовы па яго выдзяленні дагэтуль працягваюцца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?