«Калі на лабавым шкле вашага аўто пакінута пасланне, тыпу: „Я паркуюся, як казёл!“, лічыце, што выклік кінуты», — гаворыцца ў размешчаным 15 студзеня на сайце МУС Беларусі паведамленні аб адносінах аўтаўладальнікаў з жыхарамі сталіцы.

Інфармацыя суправаджаецца фотаздымкамі няправільнай паркоўкі і лагатыпам «Мне пляваць на ўсіх, паркуюся, як хачу», які выкарыстоўваюць актывісты расійскай кампаніі «СтопХам».

МУС нагадвае, што за паркоўку ў забароненых месцах (тратуары і зялёныя зоны таксама ў лік) прадугледжаны штраф у памеры адной базавай велічыні (дзве базавыя за паўторнае на працягу года парушэнне). «Здзіўляе, што людзі гатовы плаціць штрафы, толькі б не паркавацца па правілах. Прычыны розныя: у адных выпадках — недахоп парковачных месцаў, у іншых — банальная лянота», — гаворыцца ў паведамленні МУС.

У міліцыі канстатуюць, што ў маладых раёнах сталіцы шматпавярхоўкі абсталяваны стаянкамі, але і гэтых парковачных месцаў хапае толькі 30% аўтаўладальнікаў. Да прыкладу, пры будаўніцтве новага мікрараёна Лошыца-3 забудоўшчык абяцаў:

«Без панікі — Паркоўка будзе!» І яна ёсць — агульная на тры дамы (а гэта каля 1,5 тыс. жыхароў).
Аднак на стаянцы памяшчаецца каля сотні машын (калі, канечне, не парушаць ПДР). Але як бачна на размешчаным на сайце МУС фота, «умельцы», каб не рызыкаваць камфортам, прыстройваюцца каля жоўтага бардзюра (па правілах у гэтым месцы стаянка і спыненне забаронены).

Праблема сапраўды існуе, адзначаюць у МУС.

Больш за 600 тысяч мінчан з’яўляюцца «шчаслівымі ўладальнікамі асабістага аўтатранспарту». Пры гэтым у горадзе толькі 642 стаянкі, на якіх «можа пагасціць» 91 тысяча машын.
Ёсць і 15 тысяч месцаў для часовай стаянкі, дзе памяшчаецца 191,5 тысячы машын.

«А куды дзявацца астатнім?» — задаюцца пытаннем у МУС і адказваюць: «У старым мікрараёне Серабранка астатнія паркуюцца на зялёнай зоне або дзіцячай пляцоўцы. У два рады, каб ніхто не крыўдзіўся».

«Хаця летась крыўдна стала адразу пецярым уладальнікам аўто: дзеці вырашылі пагуляць у піратаў і ставілі меткі прама на дзвярах машын. Бацькі „разбойнікаў“ заплацілі за фарбаванне, а ўладальнікі пакарабаных аўто доўга абураліся: „Куды глядзяць дарослыя?“ Хаця чаму здзіўляцца — месца для гульняў жа не пакінулі», — гаворыцца ў інфармацыі МУС.

Старшы інспектар дарожна-патрульнай службы аддзела ДАІ Фрунзенскага РУУС Мінска Валерый Масенза расказаў, што не раз сутыкаўся з сітуацыяй, калі з-за машыны, што стаіць каля пад’езда, суседзі тэлефануюць на «102» і скардзяцца на «нахабных уладальнікаў іншамарак, якія думаюць, што закон ім не пісаны». Дык вось такіх «думаючых» большасць, справядліва канстатуюць у МУС.

У паведамленні адзначаецца:

«Калі вы ўсё ж пакідаеце машыну на газоне, рыхтуйцеся плаціць.
Больш таго, за „цёпленькае“ або „сваё“ парковачнае месца нярэдка расплачваюцца праколатай шынай або пагнутымі дворнікамі. Памыляецца той, хто ўпэўнены, што войны з „хлопцамі не з нашага двара“ сябе зжылі».

Старшы інспектар аператыўна-дзяжурнай службы Партызанскага РУУС Мінска Сяргей Ахрамовіч расказаў пра нядаўні выпадак: «У міліцыю звярнуўся мужчына, якому парэзалі чатыры шыны, як ён мяркуе, за тое, што прыпаркаваўся ў чужым двары. І гэты выпадак не адзіны. Часцей за ўсё ў міждваравых войнах здымаюць каўпакі, зафарбоўваюць шкло фарбай з балончыка, гнуць шклоачышчальнікі». Паведамленне на сайце МУС суправаджаецца фотаздымкам з залітым фарбай дарагім «БМВ».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?