Праверка праводзілася па даручэнні старшыні Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Аляксандра Якабсона.

Нагадаем, у красавіку пра знікненне буйной сумы грошай на прадпрыемстве і завядзенне крымінальных справаў супраць яго былых кіраўнікоў заявіў Камітэт дзяржбяспекі.

У КДК па Віцебскай вобласці паведамілі, што замест дзейсных мераў па «разгрузцы складоў» былы кіраўнік камбіната вырашыў «рэалізоўваць» гатовую прадукцыю толькі на паперы.

Так, каб забяспечыць выкананне паказчыкаў у частцы запасаў і рэалізацыі гатовай прадукцыі, работнікі камбіната афармлялі фіктыўныя дакументы на рэалізацыю кансервавай прадукцыі і яе наступнае вяртанне. У перыяд са жніўня 2009 года па чэрвень 2011 года на падставе фіктыўных дакументаў, аформленых па даручэнні кіраўніцтва ААТ “Аршанскі МКК", у дадзеных бухгалтарскага ўліку неабгрунтавана адлюстраваная рэалізацыя кансервавай прадукцыі на агульную суму 20,5 млрд рублёў. Названыя дзеянні пацягнулі за сабой фальшаванне справаздачаў, а таксама неабгрунтаваную выплату прэмій работнікам камбіната і пералік абавязковых страхавых узносаў на агульную суму 25,4 млн рублёў.

Таксама падчас праверкі выяўленыя шматлікія факты, якія сведчаць пра злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі былым генеральным дырэктарам ААТ “Аршанскі МКК”, звольненым 28 лістапада мінулага года па пагадненні бакоў, які да гэтага часу знаходзіцца ў вышуку. У прыватнасці, ён выкарыстоўваў маёмасць і работнікаў камбіната ў асабістых мэтах. Так, высветлена 15 фактаў выкарыстання ў красавіку-чэрвені 2011 года па ўказанні былога кіраўніка грузавога аўтамабіля камбіната без афармлення дакументаў і ўнясення адпаведных плацяжоў для дастаўкі бетону на будаваную прыватным прадпрыемствам платную аўтастаянку ў Оршы, дырэктарам якога з'яўляецца яго сын. Агульная сума неаплачаных паслуг склала 1,1 млн рублёў.

Акрамя таго, высветленыя факты прыцягнення ў 2009—2010 гадах работнікаў ААТ «Аршанскі МКК» у працоўны час да работ па вырабе, дастаўцы і мантажы надводнага гаража і пірса для былога кіраўніка, што пацягнула залішнюю выплату заработнай платы, а таксама пералік абавязковых страхавых узносаў на агульную суму 2,3 мільёна рублёў. Дастаўка работнікаў камбіната, надводнага гаража і пірса на яго дачу ажыццяўлялася з выкарыстаннем аўтамабільнага транспарту камбіната без унясення ў поўным аб'ёме аплаты за дадзеныя паслугі. Недаплата склала 1,4 млн рублёў.

Кіраўніцтвам ААТ «Аршанскі МКК» не было забяспечанае выкананне патрабаванняў па распараджэнні маёмасцю камбіната падчас заключэння кантрактаў і адгрузкі прадукцыі суб'ектам гаспадарання Расійскай Федэрацыі, а таксама тэрмінаў правядзення замежнагандлёвых аперацый. Так, у перыяд з кастрычніка 2009 года па снежань 2010 года былым намеснікам генеральнага дырэктара камбіната з перавышэннем кампетэнцыі без прыняцця ва ўсталяваным парадку рашэння дырэкцыі камбіната па ўзгадненні з былым кіраўніком быў заключаны шэраг кантрактаў, па якіх пастаўлялася прадукцыя суб'ектам Расійскай Федэрацыі без папярэдняй аплаты.

Акрамя таго, прадукцыя на агульную суму 9,5 млн расійскіх рублёў была пастаўленая суб'ектам гаспадарання Расійскай Федэрацыі з парушэннем умоваў кантрактаў, без папярэдняй аплаты, а таксама пры наяўнасці пратэрмінаванай пазычанасці за раней адгружаную прадукцыю.

У КДК па Віцебскай вобласці таксама паведамілі, што ў 2010—2011 гадах з парушэннем патрабаванняў заканадаўства камбінат перавысіў тэрміны завяршэння 14 замежнагандлёвых аперацый па экспарце ад 21 да 772 дзён на агульную суму 13,3 млн расійскіх рублёў і 4 замежнагандлёвых аперацый па імпарце ад 57 да 314 дзён на агульную суму 1,8 млн еўра. Пры гэтым па прадаўжэнне тэрмінаў камбінат не звяртаўся.

Яшчэ кіраўніцтвам ААТ “Аршанскі МКК” не забяспечаная захаванасць маёмасці камбіната і не прынятыя належныя меры па недапушчэнні парушэнняў на камбінаце. Так, праверка выкрыла недастачу таварна-матэрыяльных каштоўнасцяў на агульную суму 1,6 млрд рублёў, у тым ліку з прычыны несапраўднага адлюстравання ў бухгалтарскім уліку камбіната гаспадарчых аперацый па выбыцці і вяртанні кансервавай прадукцыі, на суму 1,4 млрд рублёў.

У дачыненні да службовых асоб камбіната заведзена 5 крымінальных справаў. Разглядаецца пытанне аб прыцягненні да адміністрацыйнай адказнасці работнікаў за іншыя парушэнні, выяўленыя падчас праверкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?