Штогод з сістэмы дзяржаўнай аховы здароўя Беларусі звальняецца да дзвюх тысяч спецыялістаў. СКаля 10% з іх з’язджаюць за мяжу. Ці здолее Міністэрства аховы здароўя прытармазіць адток кадраў да 2015 года і ці ёсць чым утрымліваць дактароў у Беларусі, высвятляе «Заўтра тваёй краіны».

Дзе ў Беларусі знайсці такі заробак?

У другім квартале гэтага года ў Смаленску адкрываецца Федэральны цэнтр траўматалогіі, артапедыі і эндапратэзавання. Цэнтр ужо ўкамплектаваны кадрамі на 97%. Ёсць сярод іх і беларусы. На працу ў Смаленск збіраюцца медыкі з Віцебскай абласной бальніцы, Мінскага гарадскога цэнтра траўматалогіі і артапедыі.

— Паступіла вельмі добрая прапанова, ад якой не хочацца адмаўляцца, — прызнаецца адзін з тых беларускіх дактароў. У высокатэхналагічным траўматалагічным цэнтры з самым сучасным абсталяваннем яму прапануюць і пасаду нядрэнную, і зарплату вышэйшую.

У расійскіх рэгіёнах таксама дэфіцыт дактароў.
І расійцы, натуральна, завабліваюць у цэнтр добрых спецыялістаў з суседняй Беларусі.

— У Смаленску будуць праводзіцца аперацыі па замене каленных, тазабедраных, плечавых суставаў, аперацыі на пазваночніку. Мы ўсе гэтыя аперацыі даўно і паспяхова праводзім у Беларусі, — адзначае суразмоўца.

Запусціць цэнтр на поўную магутнасць плануецца ўжо летам. Штодня ў ім будуць выконвацца да дваццаці найскладанейшых аперацый. Такім чынам, і зарплаты яшчэ падрастуць. Да таго ж з Беларусі расійцы запрашаюць на працу траўматолагаў са стажам, якім будуць давяраць правядзенне найбольш складаных, а значыць, і высокааплатных аперацый.

У Міністэрстве аховы здароўя Беларусі актуальнасці кадравай праблемы не хаваюць. У апошнія гады адток кадраў застаецца прыблізна на адным узроўні.

— Штогод да дзвюх тысяч спецыялістаў сыходзяць з дзяржаўнай аховы здароўя, — кажуць ва ўпраўленні кадравай палітыкі Міністэрства аховы здароўя. — Палова з іх — тыя, хто выходзіць на пенсію, атрымлівае інваліднасць, змяняе сямейнае становішча. Каля 10% з’язджаюць у пошуках лепшай працы за мяжу.

Паводле словаў чыноўнікаў,

часцей звальняюцца маладыя спецыялісты, колькасць дактароў пенсійнага ўзросту павялічваецца.

— Як толькі скончыцца тэрмін размеркавання, паеду працаваць у Польшчу, — кажа Святлана, нядаўняя выпускніца Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта. — У мяне ёсць магчымасць атрымаць «карту паляка», а гэта вельмі вялікая перавага падчас працаўладкавання. Некалькі маіх знаёмых так ужо з’ехалі.

Адразу на пасаду доктара ў Польшчы выпускнікоў беларускіх медыцынскіх ВНУ не бяруць, нават калі ёсць досвед працы. Свае веды неабходна пацвердзіць на спецыяльным экзамене, здаць, які, дарэчы, няпроста.

— Але пакуль рыхтуешся да экзамену, можна падзарабляць у клініцы. Акрамя таго, выплачваецца стыпендыя. У месяц сукупны даход можа складаць да 1–1,5 тыс. еўра, — падлічвае Святлана.

Дзе ў Беларусі малады доктар можа атрымаць такі заробак? Ды яшчэ і гарантыі на будучыню.

Адток кадраў — захворванне хранічнае

Пра тое, што дэфіцыт кадраў у медыцыне — захворванне хранічнае, загаварылі яшчэ ў 2007 годзе. І тады было прапанавана павялічыць наборы ў медыцынскія ВНУ краіны.

Міністэрства аховы здароўя вырашыла, што «пакрыць» натуральнае змяншэнне дактароў можна новаспечанымі дыпламаванымі спецыялістамі.

З 2007 па 2010 год колькасць першакурснікаў медыцынскіх ВНУ вырасла з 3679 да 4450 чалавек. І ўжо ў мінулым годзе на працу былі размеркаваныя каля 2 тысяч выпускнікоў. У Сёлета дыпломы атрымае яшчэ больш за 2,5 тысячы ўчорашніх студэнтаў, у 2013 годзе — каля 3 тысяч.

У Міністэрстве аховы здароўя ўпэўненыя, што дзякуючы маладым спецыялістам ужо праз два гады кадравай праблемы ў беларускай ахове здароўя не будзе. І каб не сутыкнуцца з новай праблемай — лішкам кадраў, з гэтага года вырашана зноў паменшыць прыём у медыцынскія ўніверсітэты. Набор скарацілі больш чым на тысячу. Для параўнання: у 2011 годзе на першыя курсы медыцынскіх ВНУ было залічана 3215 чалавек.

Але дактароў усё роўна не хапае. У некаторых рэгіёнах паказчык укамплектаванасці кадрамі нават зніжаецца. Напрыклад, Брэсцкая вобласць забяспечаная медыкамі на 76%, Магілёўская — на 67%. Ёсць раёны, дзе ўкамплектаванасць складае менш за 50%. Калі адкрыць сайт Упраўлення занятасці Мінгарвыканкама і паглядзець актуальныя вакансіі, то ў ліку самых запатрабаваных спецыялістаў будуць медыкі. Дактары патрэбныя літаральна ўсім медустановам сталіцы. Не хапае тэрапеўтаў, траўматолагаў, кардыёлагаў, рэаніматолагаў.

Жыллё і заробак

У Рэспубліканскім прафсаюзе работнікаў аховы здароўя лічаць, што праблема з медыцынскімі кадрамі ў абласных цэнтрах і Мінску стаіць вастрэй праз бытавую неўладкаванасць. Калі ў райцэнтрах і ў вёсцы мясцовая ўлада імкнецца вылучыць медыкам добраўпарадкаванае жыллё — службовае памяшканне ці нават уласны дом або кватэру, то ў вялікіх гарадах кватэрнае пытанне вырашаецца вельмі павольна.

— У Мінску на 1 студзеня 2012 года на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоваў, было каля 4170 медыцынскіх работнікаў, — прыводзіць статыстыку старшыня мінскага прафкама работнікаў аховы здароўя Людміла Кабятка. — З іх дактароў — 1087, у тым ліку 199 маладых спецыялістаў.

Але жыллём дактароў у сталіцу не завабліваюць. Летась сталічным медыкам было вылучана па дзяржаўных расцэнках амаль у два разы менш кватэр, чым у пазамінулым годзе: у 2010-м новае жыллё атрымалі 230 сталічных медработнікаў, у 2011-м толькі 131 чалавек змог палепшыць свае жыллёвыя ўмовы.

Незадаволеныя медыкі і сваім заробкам.
Сёння сярэдні заробак па галіне складае 3 млн 400 тыс. Заробак маладых спецыялістаў ніжэйшы за сярэдні яшчэ на 16–20%. Славутыя 500 даляраў і больш зарабляюць толькі дактары, якія выконваюць высокатэхналагічныя аперацыі і праводзяць інтэнсіўную тэрапію. Нядаўна Пленум Віцебскага абкама прафсаюза работнікаў аховы здароўя прыняў зварот да Савета Міністраў і свайго галіновага міністэрства. Віцебскія медыкі лічаць, што наспела неабходнасць кардынальнай змены падыходаў да аплаты працы медработнікаў з улікам дыферэнцыяванай ацэнкі складанасці, кваліфікацыі, характару, інтэнсіўнасці, выніку і якасці іх працы.

— Прафсаюз пастаянна падымае пытанне аплаты працы медыкаў у Савеце Міністраў, мы гаворым пра тое, што аклады дактароў павінныя быць высокімі і складаць аснову зарплаты, — кажа намеснік старшыні Рэспубліканскага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя Вячаслаў Гранькоў. — Але ў той жа час усе разумеюць, што зыходзіць трэба з рэальных магчымасцяў…

Расія стала добрым рынкам для беларускіх медыкаў

Каб спецыялісты заставаліся ў медыцыне, патрэбная матывацыя, перакананы экс-міністр аховы здароўя Ігар Зелянкевіч.

— Утрымаць могуць толькі стымулы — матэрыяльныя і маральныя. Штаб галіны павінен рабіць сур’ёзныя крокі, каб спыніць адток кадраў з беларускай аховы здароўя, таму што сёння Расія стала добрым рынкам для беларускіх медыкаў, — адзначае Ігар Зелянкевіч.

Экс-міністр нагадвае, што ў Расіі і зарплаты вышэйшыя, і галіна развіваецца вельмі дынамічна. У 2007 годзе ўрад Расійскай Федэрацыі прыняў пастанову аб будаўніцтве дванаццаці федэральных цэнтраў высокіх медыцынскіх тэхналогій. Смаленскі федэральны цэнтр траўматалогіі, артапедыі і эндапратэзавання — адзін з іх.

І калі некалькі гадоў таму з Беларусі ў Расію назіраўся адток кардыёлагаў і кардыяхірургаў, то цяпер з’язджаюць траўматолагі, маладыя дактары розных спецыялізацый.

— Для Расіі вельмі выгадна, не ўкладваючы лішніх рэсурсаў, атрымаць добрых спецыялістаў з Беларусі, — кажа Ігар Зелянкевіч.

У прынцыпе, як адзначаюць эксперты, працоўная міграцыя — нармальны працэс. Рынак — гэта ж не толькі перамяшчэнне капіталу і тавараў, але ў тым ліку і свабоднае перамяшчэнне працоўных рэсурсаў.

— Едуць туды, дзе плацяць. Людзі думаюць пра свой прафесійны рост, дабрабыт сваіх сем’яў. А дзяржава павінная паклапаціцца, каб гэтыя ўмовы ім стварыць, — рэзюмуе Ігар Зелянкевіч. І дадае: у Беларусі трэба змяняць і стаўленне да дактароў, павышаць статус прафесіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?