Азнаёміцца з дасягненнямі беларускай медыцыны ў гэтай галіне прыехалі многія хірургі з Германіі, Польшчы, прыбалтыйскіх краін, Расіі. Беларускім спецыялістам ім было што расказаць і паказаць. Сасудзістая хірургія ў нас на ўзроўні краін, найбольш прасунутых у лячэнні такіх захворванняў.

Пра дасягненні ў гэтай галіне і далейшае развіццё ў інтэрв’ю інтэрнэт-газеце Naviny.by расказвае Вячаслаў Янушка, галоўны пазаштатны сасудзісты хірург Міністэрства аховы здароўя Беларусі, намеснік дырэктара па кардыяхірургічнай дапамозе рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра «Кардыялогія».

— Вячаслаў Аляксеевіч, не так шмат гадоў прайшло з часу, калі сасудзістая хірургія пачала лічыцца асобным напрамкам медыцыны. З чаго пачалося яе развіццё ў Беларусі?

— Гэта толькі адна з вузкіх спецыяльнасцяў, выдзеленая ў нашай рэспубліцы, але яна атрымала шырокае развіццё. І ў далейшым жыццё патрабавала ўсё больш паглыбленага вывучэння гэтай дысцыпліны, паскоранага развіцця методык, абсталявання, практыкі дапамогі хворым.

Першае спецыялізаванае аддзяленне было створанае ў 1971 годзе ў Мінскай абласной бальніцы.
Родапачынальнікам сасудзістай хірургіі ў краіне стаў доктар медыцынскіх навук, старшыня Акадэміі медыцынскіх навук Беларусі, заслужаны дзеяч навукі БССР, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі РБ, прафесар Ігар Мікалаевіч Грышын, які працуе, нягледзячы на шаноўны ўзрост, і дагэтуль.

Паступова ў рэспубліцы была створаная разгалінаваная сістэма сасудзістай хірургіі. Здавалася б, ёсць буйны цэнтр з неабходным абсталяваннем, штатам супрацоўнікаў — што яшчэ? Але сасудзістыя паталогіі надзвычай небяспечныя, бо ўсе чулі пра такія дыягназы, як інсульт, інфаркт, анеўрызмы сасудаў, якія пагражаюць жыццю, і дапамога павінная прыходзіць амаль імгненна. А калі доктар, які валодае неабходнымі методыкамі, едзе да хворага ў райцэнтр са сталіцы, то ён можа і спазніцца. Каб забяспечыць даступнасць медыцынскай дапамогі пры сасудзістых паталогіях, былі адкрытыя аддзяленні сасудзістай хірургіі ў кожнай абласной бальніцы.

— Ці хапае там неабходнай тэхнікі?

— Гэтыя аддзяленні маюць усё сучаснае абсталяванне: комплексы УГД-дыягностыкі, ангіяграфічныя комплексы.

Дарэчы, укараненне ангіяграфіі (гэта метад кантраснага рэнтгеналагічнага даследавання крывяносных сасудаў, які дазваляе вывучаць іх функцыянальны стан, вакольны крывацёк і працягласць паталагічнага працэсу) для сасудзістай хірургіі стала тым прарывам, які дазволіў дактарам праводзіць дыягностыку і наступнае хірургічнае ўмяшанне ў любой сістэме чалавечага арганізма.

А шматлікія абласныя аддзяленні абсталяваныя яшчэ і сістэмамі МРТ-дыягностыкі (яна заснаваная на прынцыпе ядзернага магнітнага рэзанансу — інакш кажучы, здольнасці тканак арганізма ў рознай ступені паглынаць або выпраменьваць электрамагнітную энергію. Даследчыкі гэтага прынцыпу ў свой час атрымалі Нобелеўскую прэмію).

Увогуле, дзякуючы падтрымцы Міністэрства аховы здароўя гэтая галіна хірургіі развіваецца паспяхова, ва ўсіх рэгіёнах ёсць абсталяванне для аперацый самага сучаснага ўзроўню, выконваецца ўвесь аб’ём экстранай дапамогі хворым (часцей за ўсё пры трамбозе і эмбаліі перыферычных сасудаў, анеўрызме аорты і перыферычных сасудаў).

Адзінае, што з’яўляецца справай выключна нашага цэнтра, — гэта аперацыі на ўзыходнай аорце і сыходным аддзеле грудной аорты.

— Колькі хворых у нашай краіне атрымліваюць у сасудзістых хірургаў пуцёўку ў другое жыццё?

— У Беларусі за год выконваецца каля 8 тысяч аперацый, з іх каля 5 тысяч — на артэрыяльным рэчышчы.

— А калі больш падрабязна, на што беларусы хварэюць часцей за ўсё?

— Ну, да прыкладу, на вянозную паталогію пакутуе каля 15% насельніцтва Беларусі, у большай ступені — жанчыны. З іх 2–3% — гэта інваліды з прычыны вянознай недастатковасці. Раней гэтаму захворванню не надавалі такога значэння. Цяпер у нас з’явіліся новыя магчымасці лячэння гэтых хворых.

Мне здаецца, утварыўся перакос, пры якім дапамогу ў лячэнні паталогій венаў ног пачалі аказваць перш за ўсё камерцыйныя структуры. Але ў іх папросту няма дастатковага сучаснага абсталявання, дзякуючы якому эфектыўную дапамогу аказвае наш навукова-практычны цэнтр.

У красавіку ў рамках міжнароднай канферэнцыі па флебалогіі я правёў майстар-клас, які выклікаў жывую цікавасць сярод калегаў многіх краін. Мы прадэманстравалі ім самыя сучасныя метады дапамогі пры сасудзістых паталогіях.

А ў пачатку 2012 года на базе нашага цэнтра праходзіла канферэнцыя па праблемах эндакрыналогіі. І такі абмен досведам з найлепшымі спецыялістамі з іншых краін праходзіць пастаянна.

— Якім Вам бачыцца далейшае развіццё сасудзістай хірургіі ў Беларусі?

— Аддзяленне сасудзістай хірургіі РНПЦ «Кардыялогія» падрыхтавала для Міністэрства аховы здароўя канцэпцыю развіцця гэтага кірунку да 2015 года, якая адлюстроўвае практычна ўсе аспекты нашай дзейнасці.

Разумею, што гучыць сухавата, таму прывяду канкрэтны прыклад. Сёння ў нас наладжанае цеснае супрацоўніцтва з эндакрынолагамі. Пацыенты эндакрыналагічных аддзяленняў часта пакутуюць на цукровы дыябет. Гэта складанае захворванне, пры якім пашкоджваюцца сасуды ніжніх канцавінаў. І раней, на жаль, адзіным спосабам выратавання жыцця была ампутацыя.

Цяпер мы выконваем шмат гібрыдных аперацый на перыферычных сасудах, уключаючы хірургію, ренгтенаэндаваскулярныя ўмяшанні. І ў нашай канцэпцыі змяшчаецца прапанова адкрыць у рэспубліцы дадаткова яшчэ некалькі аддзяленняў, дзе аказвалася б дапамога такім хворым.

Прапануецца таксама ствараць чыста флебалагічныя аддзяленні, якія займаліся б не толькі варыкозам (хоць гэты кантынгент хворых і самы масавы), але і лячэннем вянозных хвароб, пры якіх трэба выконваць рэканструкцыйныя аперацыі. Адкрыццё флебалагічных аддзяленняў зробіць больш даступнай дапамогу такім хворым.

Канцэпцыя таксама прадугледжвае такое павышэнне кваліфікацыі хірургаў кожнай гарадской ці раённай бальніцы, дзе ёсць хірургічнае аддзяленне, каб яны маглі авалодаць найпрасцейшымі навыкамі сасудзістай хірургіі і самастойна аказваць хоць бы пачатковую дапамогу пры эмбаліі і трамбозе. Бо выклік хірурга, скажам, з Брэста ў Баранавічы азначае страту многіх гадзін на дарогу. Паўгадзінная аперацыя — а пасля доктар паедзе назад. Але калі б у баранавіцкага хірурга былі неабходныя навыкі і матэрыялы, хвораму можна было б дапамагчы хутчэй, а брэсцкі спецыяліст затрачаны на дарогу час прысвяціў бы мясцовым хворым.

***

Вячаслаў Янушка — намеснік дырэктара па кардыяхірургічнай дапамозе РНПЦ «Кардыялогія». Акадэмік АМК Беларусі, прафесар, доктар медыцынскіх навук, галоўны пазаштатны сасудзісты хірург Міністэрства аховы здароўя Беларусі, старшыня Беларускай асацыяцыі ангіёлагаў і сасудзістых хірургаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?