Расійскія праваахоўныя органы ў Іркуцку распачалі супраць 26-гадовага беларуса Аляксея Кухты справу аб экстрэмізме. Яму выставілі абвінавачанне паводле артыкулу «Узбуджэнне нянавісьці альбо варожасці, а таксама знявага чалавечай годнасці». Кухта — актывіст маладзёвага клюбу «Крывічы», які дзейнічае пры Іркуцкім таварыстве беларускай культуры імя Яна Чэрскага.

Паводле інфармацыі расійскіх праваахоўных органаў, ён выкладваў «экстрэмісцкія фатаграфіі і відэа» на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы.

Падчас ператрусу ў яго кватэры былі знойдзеныя «нашыўкі з нацысцкай сімволікай і літаратура экстрэмісцкага зместу».
У сувязі з справай аб «беларускім экстрэмізме» сёння — ужо другі раз на працягу тыдня — быў праведзены ператрус у офісе Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага
і на кватэры яго старшыні Алега Рудакова.
У кватэры Рудакова былі канфіскаваныя асабістыя камп’ютары яго і яго прыёмнай дачкі.

Старшы памочнік кіраўніка Следчага ўпраўлення Следчага камітэта па Іркуцкай вобласці Уладзімір Салавараў паведаміў, што

падчас ператрусу ў таварыстве «былі канфіскаваныя матэрыялы экстрэмісцкага зместу, выявы лідараў беларускіх нацыяналістаў, якія ваявалі на баку Нямеччыны супраць савецкіх войскаў».
Алег Рудакоў патлумачыў, што з беларускіх матэрыялаў былі канфіскаваныя каляндарыкі з выявамі заснавальнікаў БНР і незалежніцкіх дзеячоў, у тым ліку Васіля Быкава.

Паводле Салаварава, Аляксей Кухта цяпер знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. Яго старонка ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» заблакаваная за парушэнні правілаў сайту. Заблакаваны таксама блог «Крывічоў» у Жывым Журнале.

Каментуючы сітуацыю Алег Рудакоў зазначыў: «Наша Іркуцкае таварыства беларускай культуры і маладзёвы клюб „Крывічы“ вядуць культурна-асветніцкую працу. Мы не займаемся палітыкай, тым больш экстрэмізмам. У нас толькі навуковая, асветніцкая, грамадская дзейнасць. У нас ёсць фальклорныя гурты, секцыі па рамёствах, секцыі бытавога танцу і г. д. Тое, што сярод нас знайшоўся хлопец, які там штосьці размясціў на сваіх старонках — гэта ягоная ініцыятыва і асабістая справа. Але следчаму камітэту аднаго чалавека мала — ім патрэбная цэлая арганізацыя, каб раздзьмуць з мухі слана і зарабіць нейкі капітал».

Пакуль цяжка сказаць, ці справа ў адным чалавеку, ці гэта спроба раздушыць нацыянальную суполку. Беларусы Іркуцка — адна з самых моцных суполак беларусаў Расіі. У яе ўваходзяць нашчадкі перасяленцаў з Беларусі розных хваляў эміграцыі. Суполка трымалася на запале яе лідара, Алега Рудакова. Іркуцкія беларусы трымаліся беларускай нацыянальнай сімволікі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?