На сядзібе прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці прайшла прэс-канферэнцыя палітвязняў Андрэя Саннікава і Змітра Бандарэнкі. На сцэне — Саннікаў, Бандарэнка, а таксама Атрошчанкаў, які ў часе прэзідэнцкай кампаніі быў прэс-сакратаром Саннікава, а пасля выбараў таксама трапіў у турму. У зале — дзясятак камер, у тым ліку з лукашэнкаўскага тэлеканала АНТ, некалькі дзясяткаў журналістаў.

12.10

Адпачатку Саннікаў расказаў, што выклік яго ў міліцыю сёння на 11.00 быў абумоўлены пастаноўкай на прафілактычны ўлік. Яму прапанавалі падпісаць паперу аб азнаямленні з тымі працэдурамі, якія яго чакаюць. Судзімасць на ім застаецца на 8 гадоў.

Далей ён спыніўся на пытанні хадайніцтва аб памілаванні. «Я напісаў хадайніцтва аб памілаванні.

Я напісаў, што раскайваюся. Зрабіў гэта асэнсавана і каментаваць больш не буду. Віны я не прызнаў, хаця быў ціск». Пра ціск адмовіўся расказваць.

— Чаму так доўга разглядалі хадайніцтва, падпісанае 20 лістапада?

Саннікаў кажа, што, падпісаўшы, думаў спыніць правакацыі ў далейшым.
«Я зразумеў у нейкі час, што справа не ў памілаванні».

— Што было б, калі б ён не напісаў прашэння аб памілаванні?

&laquoСа мной маглі адбыцца сур'ёзныя рэчы, аж да фізічнай ліквідацыі, смерці».

12.15

Ізаляцыя працягвалася і пасля напісання прашэння, кажа Саннікаў. «Псіхалагічна гэта дзейнічала моцна». У снежні «мяне падымалі, як кажуць на зоне, у атрад. А затым ізноў вярнулі ў адзіночку».

У снежні Саннікаў пачуў па радыё прэс-канферэнцыю Лукашэнкі, у тым ліку і наконт прашэнняў. Але пра сваё нічога не пачуў. І паўторна напісаў прашэнне. Пасля гэтага пачаліся пэўныя паслабленні.

«Прошу проявіть гуманность і поміловать меня. В содеянном раскаіваюсь», — так даслоўна гучала прашэнне Саннікава.

Саннікаў пакуль не ведае, ці застанецца ў палітыцы.

«Я думаю, як жыць далей», — сказаў Саннікаў на пытанне наконт таго, ці застанецца ў палітыцы.
«Трэба паспрабаваць вярнуць жыццё». Кажа, шмат было выпрабаванняў для сям’і.
12.18

Бандарэнку пакуль у міліцыю не выклікалі для пастаноўкі на ўлік. Таму ён не ведае, на колькі гадоў застанецца ў яго судзімасць.

12.19

На думку Саннікава, парламенцкія выбары ў Беларусі трэба байкатаваць: «Я ўдзельнічаю ў байкоце. Не думаю, што можна гаварыць пра ўдзел у тых умовах, у якіх у нас сёння праводзяцца выбары». «Байкот даносіць да людзей магчымасць і патрэбу таго, каб сітуацыя ў Беларусі памянялася».

«Тэрмінова трэба вызваляць Каваленку. Я бачыў яго ў калоніі. Жахліва выглядае.
Я не думаў, што чалавека ў такім стане павязуць на этап».
12.19
Саннікаў не гатовы падрабязна адказваць, якую навуку вынес з падзей 19 снежня.
Кажа, што спадзяваўся пра гэта не думаць, хаця ва ўмовах калоніі гэта цяжка было. «У момант прасвятлення камусьці захацелася ператварыць сітуацыю ў трагедыю».
12.20

Ці могуць наступныя выбары прэзідэнта прайсці без альтэрнатывы, сыходзячы з падзей на Плошчы? Ці не пабаяцца людзі вылучацца ў кандыдаты? Саннікаў кажа, што не ведае, што людзі будуць рабіць.

«У нас безальтэрнатыўныя выбары, пакуль Ярмошына будзе кіраваць ЦВК».
12.23

У Наваполацку ў калоніі ў Саннікава была магчымасць кантактаваць з асуджанымі. Адзначае, што ўсе «ведалі, што я кандыдат. Можа, нават шмат увагі было гэтаму нададзена як з боку асуджаных, так і адміністрацыі». Саннікаў кажа, што ў калоніі сядзела шмат беспадстаўна асуджаных людзей. Паўтарыў, што «мая адседка скончылася ў Наваполацку», намякаючы, што з пераводам пачаліся катаванні.

У «Віцьбе-3», кажа Саннікаў, асуджаным забаранялі з ім размаўляць. Нават вітацца нельга было кіўком галавы. Хто рабіў гэта, «пераязджаў» у іншыя калоніі.
12.27

Бандарэнка кажа, што ўмовы ўтрымання яго розніліся ад умоваў утрымання Саннікава. У «амерыканцы» першыя два месяцы было дастаткова жорстка. Тады перасякаўся з людзьмі, якія сядзелі з Саннікавым. З іх размоваў зразумеў, што ў Андрэя ўмовы нашмат горшыя. Гэта праз яго статуснасць — як экс-кандыдата.

«Ніякай законнасці не было, — расказвае пра свой турэмны вопыт Бандарэнка, — былі пагрозы згвалтавання, калецтва. Паказвалі сюжэты па БТ, як Даніка хочуць забраць у бабулі». «Тое, што было з Андрэем — гэта быў акт вялікай драмы».

Бандарэнка расказвае, што, калі ў турме КДБ яго спрабавалі завербаваць, ён заявіў, што хутчэй скончыць жыццё самагубствам, але не здасца. «Я каталік, але былі выпадкі, калі касцёл дазваляў здзяйсняць самагубства ў выпадках, калі яны трапляюць у палон і могуць даць паказанні на сваіх сяброў. У мяне такое рашэнне было».

Бандарэнка расказаў, што падчас вярбоўкі КДБіст спрабаваў падмацоўваць свае аргументы цытатамі з Суворава, Калчака, Пуціна, кагосьці з мітрапалітаў. Бандарэнка тады абурыўся, што ён прафнепрыдатны. Калі ён збіраўся завербаваць беларускага патрыёта Бандарэнку, то павінен быў нарыхтаваць цытаты з беларускіх дзеячоў, а не з расіян.

12.30

«Мы палітычныя, мы сіла, за нас б'юцца», — так я казаў «эканамічным», — апавядае Бандарэнка. — Пра іх не пішуць, бо яны не з’яднаныя, а таму пра іх нават не ведаюць. У выпадку з палітвязнямі ўсё наадварот. Па словах Бандарэнкі, яго словы знаходзілі знаходзілі разуменне сярод асуджаных.

«Былі загады ў турме не кантактаваць са мной», — ён сведчыць тое самае, што Саннікаў. «Вызваліце гэтых людзей, краіна без іх задыхаецца. Калі не можаце вызваліць палітычных, вызвальце эканамічных», — звярнуўся ён да ўладаў.

«Беларусь сёння пакрытая сеткай канцлагераў і турмаў. Гэта дзікае відовішча для ХХІ стагоддзя. Тысячы людзей халодных і галодных. Калі ў я быў у медчастцы, за гэты час памерла 12 чалавек асабіста знаёмых мне» [г.зн. -- санчасці і ў Рэспубліканскай бальніцы].
12.35

Бандарэнка кажа, што ў нейкі момант думаў, што могуць пачаць зачышчаць палітычнае поле далей пасля выбуху ў метро. Маўляў, на апазіцыю могуць павесіць злачынства.

Бандарэнка кажа, што ў Канавалава і Кавалёва былі начныя допыты, на якія іх забіралі пасля адбою. Калі каля кабінета бачыў чалавека ў масцы, ведаў, што там дапытваюць Канавалава і ці Кавалёва. Бо іх вадзілі «маскі».

12.44

На завяршэнне прэс-канфэрэнцыі Андрэй Саннікаў яшчэ раз усім падзякаваў за салідарнасць і падтрымку: «Гэта была нябачная салідарнасць. Асобна хачу падзякаваць зняволеным на «Віцьбе», якія падтрымалі мяне, рызыкуючы страціць шанец на умоўна-датэрміновае вызваленне».

Зміцер Бандарэнка выказаў асобную падзяку Беларускай асацыяцыі журналістаў, старшыні гэтай арганізацыі Жанне Літвіной, усім журналістам.

Саннікаў адзначыў, што «адчуваў сур’ёзную падтрымку супрацоўнікаў КДБ і МУС, якія сядзелі ў зоне». А былы палітвязень Аляксандр Атрошчанкаў пажартаваў на гэта: «Людзі ў пагонах, рамантуйце турмы, невядома як усё павернецца».

12.45

Незалежныя журналісты папрасілі сказаць «пару словаў у мікрафон АНТ». «Вы лепшыя, чым БТ. Успрыміце мае словы як зваротную сувязь ад зэкаў, — зрэагаваў Бандарэнка. — Але часам крыўдна вас глядзець. Палохаць вас не буду. Але ад турмы і сумы…», — нагадаў Бандарэнка журналістаў АНТ старую прымаўку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0