Непрызнаны ў Беларусі, хлопец з Жодзіна літаральна ўзарваў чвэрцьфінал конкурсу «Украіна мае талент», выканаўшы песню ўкраінскай удзельніцы «Еўрабачання-2010» Алёшы пад назвай «Sweet people». Апошні прыпеў песні гледачы слухалі і падпявалі стоячы, апладзіравалі Яўгену, а ролік з выступам, размешчаны на YouTube, імкліва набірае галасы.

Яўген падымае слухаўку. Даведаўшыся, што для яго прыехалі ў Жодзіна, лёгка згаджаецца на інтэрв'ю з карэспандэнтам «Салідарнасці».

— Ты свядома выбраў песню «Sweet people» для конкурсу?

— Пачнем з таго, што я галасаваў за спявачку Алёшу і яе песню падчас «Еўрабачання-2010». Гэтая песня даўно запала мне ў душу. Вядома, разлік быў і на ўкраінскую аўдыторыю, якая памятае гэтую песню. Мне было цікава, як яе прымуць, бо я пераспяваў выдатны хіт, выдатна выкананы ўкраінскай спявачкай.

— Як ты трапіў на ўкраінскі конкурс?

— Мне ў сацыяльнай сетцы скінулі інфармацыю пра кастынг «Украіна мае талент». Паралельна ішоў кастынг у «Акадэмію таленту» на АНТ, дзе я таксама ўдзельнічаў у адборы, але ўжо «вылецеў» з конкурсу. Украінскі кастынг быў у Мінску: я прыехаў, праспяваў і забыўся, а праз два месяцы мне патэлефанавалі і запрасілі на запіс у Кіеў.

— А далей?

— Было складана. Мы прыехалі на конкурс а 8-й раніцы, а па сцэнары я ішоў апошнім, а 10-й вечара, таму ледзь не «перагарэў». Тым больш што перад выступам суддзі пагутарылі са мной у жартаўлівай такой форме, што зусім не настройваў на сур'ёзны тон, зададзены песняй. Але я вельмі выразна разумеў, што, калі не збяруся, то ўсе мае папярэднія намаганні страцяць сэнс.

— Ты баяўся?

— Так, вядома, яшчэ як! Але страх на сцэне — гэта нармальна. Пашанцавала яшчэ, што я аптыміст па жыцці, таму доўга баяцца не ўмею.

— А як фінансавы бок твайго ўдзелу ў конкурсе?

— Пакуль ніякіх дывідэндаў ад «Украіна мае таленты» няма. Добра, калі мне аплацяць білет на цягнік, калі я паеду на паўфінал у канцы красавіка.

— Што будзеш спяваць на наступным паўфінале, ёсць перавагі?

— Зараз я падбіраю новы рэпертуар. Люблю розныя жанры: джаз, блюз, рок. Спяваць прыйдзецца двойчы, і мне трэба «стрэліць» яшчэ лепш, чым у мінулы раз. Але на гэты раз песні будуць, хутчэй за ўсё, не на англьійскай мове, каб пасыл хутчэй дайшоў да гледача і слухача (смяецца).

— А як складвалася твая кар'ера спевака ў Беларусі?

— Спроб было шмат, пачаліся яны з 2009 года, калі я прыняў удзел у конкурсе «Новыя галасы Беларусі». Так склалася, што паўфіналы я выйграваў, але першыя месцы не займаў. Не хочацца верыць, што віной таму пратэкцыянізм, але, магчыма, не без гэтага. А можа на такога артыста як я, не знайшоўся яшчэ вар'ят прадзюсар.

— У чым праблема беларускага шоу-бізнэсу, на твой погляд?

— У тым, што ён «так званы» і коціцца па інэрцыі.

У доўгім цягніку, які называецца еўрапейскім шоу-бізнэсам, мы едзем у апошнім вагоне, і даганяем астатніх толькі тады, калі цягнік тармозіць, і нас па інэрцыі штурхае наперад.
Выдатна, што, нарэшце, дадумаліся рабіць шоу для «Еўрабачання», хоць Еўропе гэта ўжо не трэба, і прыклад Лены Мэер з Германіі гэта даказаў. Прадзюсары павінны быць на вастрыі атакі, на слыху, а хто іх у нас ведае?

— Як прыйшла ў галаву думка стаць спеваком?

— 9 гадоў таму (зараз Яўгену 29 гадоў — «Салідарнасць») я быў прадпрымальнікам і падзарабляў у мясцовым ДК гукааператарам. Мне давялося агучваць рэпетыцыі студыі эстрадных спеваў «Срэбраная трэль» пад кіраўніцтвам майго цяперашняга педагога, Нэлі Амбарцумян, яна практычна мая другая мама.

У групе была дзяўчынка, якая мне вельмі падабалася, але ў нас была вялікая разбежка ва ўзросце. Сустракацца мы не маглі, і я вырашыў, што хачу быць побач з аб'ектам любові. Стаў хадзіць у студыю на вакал. Вырашыў стаць незаменным выканаўцам, бо яна была салісткай № 1. Вось што з гэтага выйшла (смяецца).

— А невысокі рост не перашкаджае ў кар'еры?

— Вось мама мая кажа: «Жэня, цябе, напэўна, не ўзялі туды і туды з-за росту». Я стаўлюся да гэтага з усмешкай. Калі б я быў вышэй, мой характар быў бы зусім іншым. Хутчэй за ўсё я быў бы лавеласам (смяецца).

— Да цябе ўжо пачалі сыпацца прапановы ад украінскіх і беларускіх прадзюсераў?

— Пакуль не. У сацыяльных сетках прапануюць рабіць рэміксы на мае песні. Адзін чалавек нават прапанаваў зрабіць музей імя мяне ў маім маленькім кафэ «У Жэкі», праўда, нешта ён больш не пісаў.

Сур'ёзных прапаноў пакуль не паступала, але хто ведае, што будзе заўтра. Эфір быў 31 сакавіка, і з тых часоў мне стала тэлефануюць журналісты.

— Калі паклічуць ўкраінскія прадзюсары, ты паедзеш у Кіеў?

— Калі не атрымліваецца прабіцца ў Беларусі, я буду рабіць гэта там, дзе магу. Вядома, паеду. Мне хочацца працаваць з нармальным прадзюсарам, займацца любімай справай, запісаць альбом.

— Якія ўражанні ад нечаканай славы?

— Я ў шоку да гэтага часу. Вядома, раней тэлефанавалі знаёмыя і сваякі, калі бачылі мяне ў іншых конкурсах. Але каб такая ўвага!

— Не баішся зорнасці?

— Не. Я па жыцці чалавек сціплы, так мяне мама выхавала. Але ўжо 2 дні я разумею, што нешта змянілася — столькі званкоў, праглядаў майго выступу ў YouTube.

Тыдзень таму ў мяне было 400 сяброў Вконтакте, а за два дні іх колькасць падвоілася і працягвае расці. Пішуць людзі з Кіева, Адэсы, Харкава.
Нават у любові прызнаюцца, хоць я не разумею, як можна так хутка прыляпіцца да чалавека сэрцам.

— А дзяўчына ў цябе ёсць?

— Так, вядома, яна маладзейшая за мяне і не заўсёды роўна ўспрымае тое, што адбылося. Вось мы з вамі размаўляем, тэлефон выключаны, а яна магла патэлефанаваць. Яна, таксама як і я, хоча патрапіць на эстраду.

— Тваё кафэ «У Жэкі» на замку зараз, што здарылася?

— Прыйшлося адмовіцца ад бізнэсу. На дадзены момант я, на жаль, сяджу на шыі ў мамы, калі так можна сказаць. Немагчыма, на жаль, займацца эстрадай і грамадскім харчаваннем адначасова.

У кавярні я працаваў адзін: і бармэн, і кухар і афіцыянт. А ў грамадскім харчаванні нельга прапускаць працоўныя дні. Ды і попыт на кафэ ў парку сезонны. Таму цяпер кафэ «У Жэкі» ўжо не працуе.

— Табе не прапаноўвалі выступаць у родным горадзе: у клубе, напрыклад, або ў рэстаране, або на вяселлі?

— Не, як ні дзіўна. Можа, думаюць, што шмат папрашу (смяецца).

— Паралельна з «Украіна мае таленты» ты прайшоў у наступны тур «Новай хвалі». Якія перспектывы ў Маскве?

— Якраз на канец красавіка прыпадае і адборачны тур у Маскве, так што буду разрывацца. Магу сказаць, што «Новая хваля» патрабуе вялікіх грошай. У іх ёсць так званы неафіцыйны ўзнос. Акрамя таго, трэба думаць аб іміджы, гарнітуры, нумары. Усё гэта робіцца за грошы.

— Дарэчы пра грошы. Ты ўжо думаў, што будзеш рабіць з мільёнам грыўняў, калі выйграеш конкурс?

— Гэта прыкладна мільярд нашых? Нават падумаць страшна (смяецца). Больш за ўсё я хачу раздаць даўгі і зарабляць на жыццё сваёй працай, спевамі. Буду ўкладваць грошы ў сваю творчасць. Я вельмі добра разумею, што такая магчымасць бывае рэдка і паспрабую скарыстацца ёю спаўна.

Глядзі яшчэ: Чаму Літвінковіча не пусцілі на беларускую эстраду? — апытанне
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?