Усёабдымны дагавор аб фарміраванні Еўразійскага эканамічнага саюза можа быць падпісаны да 1 студзеня 2015 года, чарговы Міждзяржсавет ЕўрАзЭС на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў можа прайсці ў маі 2012 года, заявіў прэзідэнт Расіі Дзмітрый Мядзведзеў.

«Мы дамовіліся, што абмеркаванне гэтых пытанняў будзе прадоўжана лідарамі дзяржаў, верагодна, у маі гэтага года, калі можа прайсці новы саміт краін ЕўрАзЭС, новы Міждзяржсавет. Зыходзім з таго, што ўсёабдымны дагавор аб новым саюзе будзе распрацаваны і падпісаны да 1 студзеня 2015 года», — прыводзіць РІА Новости словы Мядзведзева на прэс-канферэнцыі па выніках пасяджэння Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў.

Як заявіў прэзідэнт Расіі, дзяржавы — назіральніцы ў ЕўрАзЭС атрымаюць пэўныя прывілеі ў выпадку далучэння да Мытнага саюза, у адваротным выпадку ў іх могуць узнікнуць некаторыя складанасці.

«Мы гаварылі аб тым, што ствараем Мытны саюз і пра перавагі, і пра некаторыя складанасці, якія могуць узнікнуць і ўжо ўзнікаюць у дзяржаў, якія не з’яўляюцца членамі Мытнага саюза. Калі ты ўдзельнічаеш у якім-небудзь міжнародным утварэнні, ты атрымліваеш пэўны набор прывілеяў. Калі ты ў гэтым правасуб’ектным аб’яднанні не ўдзельнічаеш, адпаведна ў цябе могуць быць складанасці. Нашу пазіцыю мы лічылі патрэбным данесці да ведама некаторых нашых дзяржаў-назіральніц», — заявіў прэзідэнт РФ.

У пасяджэнні Міждзяржаўнага савета ЕўрАзЭС бралі ўдзел прэзідэнты Расіі, Беларусі, Казахстана, Кыргызстана і Таджыкістана, а таксама лідары Арменіі, Малдовы і Украіны — дзяржаў, якія маюць статус назіральнікаў пры супольнасці.

Трое з членаў ЕўрАзЭС — Беларусь, Казахстан і Расія — утварылі Мытны саюз, які прадугледжвае адмову ад пошлін і большасці іншых абмежаванняў ва ўзаемным гандлі, а таксама ўніфікацыю правілаў гандлю з трэцімі краінамі. 1 студзеня 2012 года яны стварылі Адзіную эканамічную прастору.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?