З’явіліся і новыя тэрміны, напрыклад — «гетабудаўніцтва». Але ў чым сутнасць усіх канфліктаў з ушчыльненнем? Можа, гэта ўсяго толькі пратэст пенсіянераў-рэтраградаў, чарговы від спажывецкага эгаізму? Ці ўсё ж такі апраўданы гнеў грамадзян, якія не жадаюць жыць у каменных джунглях і бетонных рэзервацыях? Прапануем паразважаць над гэтым, прадстаўляючы своеасаблівы рэйтынг самых «гарачых» горадабудаўнічых канфліктаў сталіцы апошняга часу.

Славінскага. Панэльны дом на месцы дзіцячага садка.

Славінскага. Панэльны дом на месцы дзіцячага садка.

Раён Камароўкі, 16-павярховы жылы дом на месцы аўтастаянкі.

Раён Камароўкі, 16-павярховы жылы дом на месцы аўтастаянкі.

Прыватная радзільня ў пасёлку трактарабудаўнікоў.

Прыватная радзільня ў пасёлку трактарабудаўнікоў.

Бізнэс-цэнтр на Заслаўскай.

Бізнэс-цэнтр на Заслаўскай.

Кавярня на Шышкіна

Кавярня на Шышкіна

Бізнэс-цэнтр на Р. Люксембург.

Бізнэс-цэнтр на Р. Люксембург.

Будаўніцтва дамоў у мікрараёне Уручча-2.

Будаўніцтва дамоў у мікрараёне Уручча-2.

Грамадзяне адбіліся

15. Вуліца Славінскага. Панэльны дом на месцы дзіцячага садка

Дзіцячы сад па вуліцы Славінскага, 11 пустуе некалькі гадоў. За гэты час было некалькі спробаў перапрафіляваць аб’ект, але жыхары іх блакавалі. Так адбылося і з апошнім праектам. ТАА «ТАПАС» пажадаў узвесці тут 9-павярховы дом на 6 пад’ездаў і 188 кватэр. «Панэлька» разлічаная на 557 жыхароў і мае 166 машына-месцаў.

Людзі выступілі катэгарычна супраць, будаваць дом на месцы дзіцячага садка не будуць.

14. Элітныя дамы ў Севастопальскім парку

Адзін з самых працяглы канфліктаў. Прадстаўнікі ініцыятыўнай групы з мікрараёна Усход перакананыя, што тэрыторыю парка горад жадае забудаваць элітнымі новабудоўлямі. У 2004 годзе яны ўжо спынілі такую спробу. Нядаўна грамадзяне зноў выказалі занепакоенасць і нават збіраліся правесці рэферэндум у абарону парка. Чыноўнікі іх пераконваюць: дамы тут будаваць не будуць.

13. Уручча, вуліца Русіянава. 19-павярхоўка на месцы пляцоўкі для выгулу сабак і сквера з цмокам

На вуліцы Русіянава, у глыбіні жылых двароў, ЗАТ «Топзапэлектра» збіраўся ўзвесці 19-павярховы дом. Новабудоўля разлічаная на 144 кватэры. У доме хацелі пабудаваць падземны паркінг і гасцявую стаянку. Жыхары квартала выступілі супраць будаўніцтва. Па іх словах, яно знішчыць невялікі зялёны скверык у двары з вядомай на ўвесь мікрараён скульптурай дракона. Будоўля была заблакаваная.

12. Раён Камароўкі, 16-павярховы жылы дом на месцы аўтастаянкі.

На вуліцы Куйбышава, паміж домам № 48 і інтэрнатамі БНТУ, кампанія «Минстройинжиниринг» хацела пабудаваць 16-павярховы95-кватэрны жылы дом з падземным паркінгам на 50 аўтамабіляў. Зараз на гэтым месцы знаходзіцца аўтастаянка. Участак зямлі выкарыстоўваецца нерацыянальна, палічылі ў адміністрацыі Савецкага раёна і запрасілі жыхароў квартала на грамадскае абмеркаванне праекта. Людзі з гэтым не пагадзіліся, выказалі свой пратэст. Будоўлі тут не будзе.

11. Будаўніцтва рыбнага рэстарана на месцы былой прыбіральні ў парку 40-годдзя Кастрычніка

Да класічнага ўшчыльнення гэтую гісторыю не аднясеш, але рэзананс у канцы мінулага года яна атрымала не абы-які. СТАА «Пор-То» збіралася пабудаваць рыбны рэстаран на месцы былой грамадскай прыбіральні, што запатрабавала б зносу 25 дрэваў у парку 40-годдзя Кастрычніка. Праект выкананы архітэктурнай кампаніяй «Вараб’ёў і партнёры». Многія эксперты казалі, што такога рэстарана Мінску не хапае. Ініцыятыўная група, тым не менш, здолела настаяць на сваім. Будаваць Porto Del Mare ў парку не будуць.

10. Вайсковы гарадок, 25-павярховы жылы дом на месцы запраектавана дзіцячага садка

Афіцыйна гэтая гісторыя яшчэ не завяршылася хэпі-эндам, аднак усё да гэтага ідзе. У Вайсковым гарадку на месцы запраектаванага раней дзіцячага садка забудоўшчык «10 УНР» жадае ўзвесці гмах. Грамадзяне арганізавалі сур’ёзны адпор, пісалі лісты ў інстанцыі, падключалі прэсу. У выніку днямі стала вядома, што рабочыя прыступілі да дэмантажу плота на будпляцоўцы. Пра тое, што рашэнне аб будаўніцтве адмененае, паведамілі і ў адміністрацыі Першамайскага раёна. І толькі забудоўшчык працягвае сцвярджаць, што дом будзе ўзведзены.

9. Прыватная радзільня ў пасёлку трактарабудаўнікоў

Самая прафесійная гісторыя барацьбы. У цэнтры двара на вул. Клумава ў пасёлку трактарабудаўнікоў інвестар планаваў узвесці «перынатальны цэнтр» — прыватную радзільню. Жыхары квартала выступілі супраць рэалізацыі праекта. Яны сабралі амаль 200 подпісаў, знайшлі шматлікія парушэнні ў плане экалогіі, сітуацыі з паркоўкамі, зялёнымі зонамі і г.д. Грамадзяне паведамілі пра гэта ва ўсе дзяржаўныя інстанцыі, стварылі ў інтэрнэце свой сайт. І ўсё-такі дабіліся свайго. Высокія інстанцыі вызначылі, што пабудаваць медцэнтр на невялікім участку зямлі фізічна немагчыма. Праект заблакаваны.

8. Бізнэс-цэнтр на вуліцы Заслаўскай

Пра лёс гэтага рэзананснага праекта пакуль дакладна невядома. Нагадаем, на вул. Заслаўскай хочуць пабудаваць 15-павярховы будынак з прыбудовай банка і аўтастаянкай на 125 аўтамабіляў. Людзі супраць, напісалі зварот у Адміністрацыю прэзідэнта. Горад узяў паўзу для прыняцця рашэння.

Аб’екты будуць пабудаваныя

7. Кавярня на вуліцы Шышкіна

Канфлікт не самы гарачы, але вельмі характэрны. На вуліцы Шышкіна, побач з домам № 26, індывідуальны прадпрымальнік збіраецца ўзвесці 2-павярховую кавярню пад назвай «Шышкіна». Жыхары квартала (у асноўным пенсіянеры) выступілі катэгарычна супраць будаўніцтва. Па іх словах, гэта пагоршыць экалогію раёна. Мясцовыя нарколагі і зусім сцвярджалі, што будаваць кавярні ў Заводскім раёне нельга — яны да мяжы ўскладняць і так няпростую сітуацыю з алкагалізацыяй насельніцтва.

Мясцовыя ўлады назвалі гэтыя аргументы непераканаўчымі. Эмоцыі ў разлік не бяруцца. Кавярні на Шышкіна — быць.

6. Пашырэнне Акадэміі МУС

Акадэмія МУС, размешчаная ў раёне пл. Перамогі, павялічыць сваю тэрыторыю. У жылым двары міліцыянты плануюць узвесці адразу некалькі будынкаў: інтэрнат, навучальны корпус, басейн. Неабходнасць пашырэння галоўная міліцэйская ВНУ краіны абгрунтоўвае цяжкімі бытавымі ўмовамі курсантаў — у адным пакоі цяпер жыве па 20 чалавек.

Жыхары квартала выступілі супраць будаўніцтва, аднак іх галасоў не хапіла. За рэалізацыю праекта прагаласавалі 2470 чалавек (курсанты, якія, на думку жыхароў, не мелі права ўдзельнічаць у абмеркаванні), а супраць — усяго 270. На гэтай падставе было прынятае рашэнне аб распрацоўцы праектна-каштарыснай дакументацыі. Спробы жыхароў дамагчыся праўды працягваюцца, але поспеху яны не прынеслі.

5. Элітны дом у двары на вул. М. Танка

На вул. Максіма Танка, 22а ІП «Белрусбудінвест» плануе пабудаваць 17-кватэрны жылы дом з убудаванымі гаражом-стаянкай на 12 машына-месцаў і адкрытай стаянкай на 21 машына-месца. Інвестар паабяцаў людзям уладкаваць іх двор паводле найвышэйшых еўрапейскіх стандартаў. Грамадзяне, якія прыйшлі на прэзентацыю, абяцанням паверылі, праект быў ухвалены.

А ў разрад канфліктаў гэтая будоўля перайшла крыху пазней. Аказваецца, большасць жыхароў квартала не ведала пра планы інвестара. Людзі лічаць, што грамадскае абмеркаванне было арганізаванае неналежным чынам. Цяпер яны спрабуюць ініцыяваць працэдуру яшчэ раз.

4. Бізнэс-цэнтр на Р. Люксембург

Будаўніцтва 18-павярховіка побач з адміністрацыяй Маскоўскага раёна ідзе поўным ходам. У недалёкай перспектыве тут пройдзе і першае транспартнае кальцо. А пасля 2013 года паміж новай ажыўленай дарогай і жылым домам на зав. Р. Люксембург забудоўшчык узвядзе шматузроўневы паркінг на 600 аўтамабіляў, адна частка якога будзе знаходзіцца пад зямлёй, а другая — на паверхні. Людзі лічаць, што транспартная развязка і паркінг зробяць ўмовы іх жыцця невыноснымі. Яны збіралі подпісы, стукаліся ў кабінеты, але без толку. Зрэшты, забудоўшчык гатовы пайсці на невялікія саступкі па паркінгу. На некаторай адлегласці ад дома знойдзеная альтэрнатыўная пляцоўка, дзе можна пабудаваць 2-3-павярховую стаянку. Прапанова дасланая на ўзгадненне ў Мінгарвыканкам.

3. Будаўніцтва дамоў у мікрараёне Уручча-2

На вуліцах Русіянава і Шугаева будзе пабудавана адразу некалькі жылых дамоў для прадстаўнікоў СМІ, чаргавікоў, супрацоўнікаў палка міліцыі спецыяльнага прызначэння. Ініцыятыўная група ўжо некалькі гадоў вядзе з гэтымі планамі ўпартую барацьбу. Нядаўна людзі даслалі лісты прэзідэнту, прэм’ер-міністру, старшыні Мінгарвыканкама: «З 2005 года мы вытрымалі 8 грамадскіх абмеркаванняў аднаго і таго ж праекта ўшчыльнення. Грамадзяне масава ўдзельнічалі ў абмеркаваннях і заўсёды выказвалі рэзкі пратэст супраць забудовы. На нашае пытанне: „Да якога часу вы будзеце ганяць нас па абмеркаваннях?“ адзін з чыноўнікаў адказаў: „Пакуль не пагодзіцеся“».

Нягледзячы на рэзананс у прэсе і намеры жыхароў ісці на амбразуры, ад планаў па ўзвядзенні дамоў улады не адмовіліся.

2. Кітайскі тэхнапарк у Смалявіцкім раёне

На першы погляд узвядзенне беларуска-кітайскага індустрыяльнага парка да ўшчыльнення дачынення не мае. Дачнікі са Смалявіцкага раёна, зрэшты, кажуць, што працэсы падобныя — толькі маштабы адрозніваюцца. На думку людзей, беларускую зямлю хочуць «ушчыльніць» велізарным кітайскім кварталам, што недапушчальна. Нягледзячы на шматлікія запэўненні ўладаў у бяспецы праекта, будаўніцтва прамысловай зоны ў экалагічна чыстым рэгіёне яны лічаць немагчымым. Днямі грамадзяне зацвердзілі рашэнне аб стварэнні грамадскага аб’яднання «Саюз садовых таварыстваў „Свая сотка“». Новая структура павінная прадставіць калектыўныя інтарэсы ў дыялогу з чыноўнікамі і скаардынаваць намаганні ў барацьбе за правы. Гэты канфлікт хутка пагасіць не атрымаецца.

1. Гатэль «Пекін» у парку 40-годдзя Кастрычніка

Самы гучны канфлікт апошняга часу. І самы неадназначны. Нягледзячы на пратэсты грамадскасці, палітыкаў і нават людзей, якія называюць сябе анархістамі, «Пекін» у парку пабудуюць, а дрэвы будуць высякаць. Грамадзяне здолелі дамагчыся ўвагі Мінгарвыканкама, горад нават пайшоў на некаторыя саступкі, але яны аказаліся чыста касметычнымі.

P.S

Што такое ўшчыльненне? Якія яго мэты? Лепш за ўсё пра гэта сказаў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька на сустрэчы з жыхарамі Уручча ў канцы мінулага года. Гэта, мабыць, і ёсць асноўная стратэгія ўладаў на сёння.

— Практыка будаўніцтва жылых дамоў на ўшчыльненне сёння ўспрымаецца неадназначна, — прызнаў Мікалай Ладуцька. — У той жа час гэтая практыка вывераная. Калі прымаем такое рашэнне, мы не хочам насаліць жыхарам. Сёння, каб будаваць хаты ў полі, пад іх трэба ствараць інфраструктуру. Гэта вельмі вялікія сродкі, якія горад можа накіраваць на іншыя сацыяльныя мэты.

Пры гэтым Ладуцька удакладніў:

— Ушчыльненне — гэта не пераўшчыльненне. Каб не пераўшчыльніць горад, будаўніцтва будзе весціся ў Смалявічах, іншых раёнах. Але вы павінныя разумець, што нават пасля таго як мы выйдзем за межы МКАД, дамы ў сталіцы ўсё роўна будуць будавацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?