Рабіць стаўку на тое, што «Артыст» атрымае «Оскара» як найлепшы фільм года было нявыгадна — асабліва пасля таго, як чорна-белая нямая стужка Мішэля Хазанавічуса сабрала ўсе магчымыя ўзнагароды на брытанская прэміі BAFTA.

У выніку фільм «Артыст» — тонкая стылізацыя пад сапраўднае нямое кіно — атрымаў пяць «Оскараў» — найлепшы фільм, найлепшы акцёр (Жан Дзюжардэн), найлепшы рэжысёр (Мішэль Хазанавічус), музыка, і праца мастака па касцюмах. Французская стужка замагла стаць найлепшым фільмам таму, што здымалася ў Галівудзе, інакш бы далей за «Найлепшы замежны фільм» «Артыст» не прабраўся. І, як заўважылі крытыкі, гэта першы з 1929 года нямы фільм, які атрымаў галоўны «Оскар». Не дзіўна, з улікам таго, што ад 1930-га нямыя фільмы здымаць патроху перасталі.

Сюжэт «Артыста» нескладаны: на зорку нямога кіно Джорджа Валенціна (уласна, Дзюжардэн) у дзень прэм’еры ў літаральным сэнсе падае дзяўчына, пасля чаго яны абодва апынаюцца на першай паласе Variety. Зразумела, што па выніках падзення дзяўчына пачынае рабіць кар’еру.

На фоне развіцця асноўнага сюжэта

Хазанавічус звяртае ўвагу на адзін з самых трагічных момантаў у гісторыі кіно — калі яно стала гукавым, і былыя зоркі проста не маглі адаптавацца да новых умоваў,
бо змены апынуліся хоць і чаканымі, але надта кардынальнымі.

Як паказваюць вынікі «Оскара» не адзін Хазанавічус любіць нямое кіно — і гэта ў стагоддзе, калі нават рэкламу хутка пусцяць у 3D. Што цікава ні Хазанавічуса, ні Дзюжардэна аж такімі сур’ёзнымі дзеячамі кіно не лічылі. Першы найчасцей здымаў камедыі з удзелам другога: камедыі нядрэнныя, але не шэдэўральныя. І тут высвятляецца, што Дзюжардэн можа сыграць галоўную ролю ў нямым фільме (што, дарэчы, далёка не ўсе сучасныя зоркі змаглі б), а Хазанавічус зняць яго так, каб за квіткамі стаяла чарга.

Сам Хазанавічус, што цікава, паходзіць з былой Рэчы Паспалітай: дзядуля і бабуля рэжысёра прыехалі ў Францыю на пачатку 1920-х. Да гэтага яны жылі ў Літве і Польшчы. Не выключана, што на літоўска-беларускіх ці польска-беларускіх памежках: у нас таксама хапае Гасановічаў ды Асановічаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?