Для рэалізацыі праекта «Дзелавы цэнтр «Мінск-Сіці» будзе знойдзены новы інвестар. Такое рашэнне прыняў Аляксандр Лукашэнка 16 лютага пасля таго, як заслухаў даклад аб выкананні яго даручэнняў па будаўніцтве гэтага комплексу, паведамляе прэс-служба беларускага кіраўніка.

«Прынята рашэнне пра неабходнасць скасавання адносінаў паміж дзейным інвестарам і Рэспублікай Беларусь,
— праінфармаваў старшыня Мінгарвыканкама Мікалай Ладуцька. — Сёння ёсць шэраг зваротаў іншых інвестыцыйных кампаній з розных краін. Ім будзе прапанавана ўвайсці ў рэалізацыю гэтага праекта на тых жа ўмовах, якія былі першапачаткова агавораны для дзейнага на гэты момант інвестара. Мы аператыўна зоймемся гэтай працай, і адпаведная прапанова інвестыцыйным кампаніям і фондам будзе ўнесена».

Гарадскім уладам даручана на працягу месяца выпрацаваць парадак устанаўлення адносінаў паміж такімі кампаніямі і Рэспублікай Беларусь у асобе Мінгарвыканкама. Калі нейкія ўмовы, што будуць прапаноўвацца магчымымі новымі інвестыцыйнымі кампаніямі, не задаволяць беларускі бок, Мінгарвыканкам створыць адпаведнае прадпрыемства, якое возьме на сябе функцыі па рэалізацыі інвестыцыйнага праекта, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Трэба адзначыць, што

яшчэ ў верасні мінулага года Лукашэнка выказваў незадавальненне ходам рэалізацыі праекта «Мінск-Сіці» і запатрабаваў ажыццявіць яго ў раней узгодненыя тэрміны.

У адказ на гэта міжнародная група кампаній «Ітэра» заявіла, што, «з’яўляючыся стратэгічным інвестарам праекта „Мінск-Сіці“, мае намер выканаць узятыя на сябе абавязацельствы з улікам заўваг, выказаных прэзідэнтам Беларусі».

Згодна з дагаворам, праект павінен быць рэалізаваны за 11 этапаў. Стары сталічны аэрапорт, авіярамонтны завод і іншыя гаспадарчыя аб’екты, размешчаныя на тэрыторыі будучага Мінск-Сіці, падлягаюць дэмантажу. Усяго на 318 гектарах да 2020 года планавалася пабудаваць 3,3 млн. кв. м жылой і камерцыйнай нерухомасці, а таксама аб’екты сацыяльнай інфраструктуры.

17 студзеня гэтага года Лукашэнка ў інтэрв’ю кітайскім СМІ заявіў, што Беларусь не супраць перадаць Кітаю будаўніцтва Мінск-Сіці.
«Мы пачалі будаўніцтва Мінск-Сіці, заявілі пра гэта будаўніцтва. Мы вельмі былі б зацікаўлены, каб Мінск-Сіці вось так, як у Пекіне вы пабудавалі (гэта будзе, вядома, не такая велізарная будоўля), каб кітайцы прыехалі і дапамаглі нам пабудаваць, — сказаў Лукашэнка. — Няхай Кітай будуе і фінансуе і прадае потым гэтыя плошчы, мы не супраць перадаць вам гэтую будоўлю, сумесна з іншымі кампаніямі — дзяржаўнымі, прыватнымі і гэтак далей».

8 лютага прэс-служба МГК «Ітэра» паведаміла, што на красавік запланавана адкрыццё першага бізнес-цэнтра ў комплексе «Мінск-Сіці», і аб’явіла аб пачатку продажу камерцыйнай нерухомасці ў бізнес-цэнтры. «У пачатку года кампанія пачала будаўніцтва другой чаргі Мінск-Сіці: вядуцца работы па ўладкаванні падмурку новага трохсекцыйнага дома. Паралельна чакаем рашэння дзяржкамісіі па чатырох жылых дамах — спадзяемся, да сакавіку ўвядзем іх у эксплуатацыю», — гаварылася ў прэс-рэлізе.

У МГК «Ітэра» сённяшняе рашэнне Лукашэнкі аб скасаванні кантракта пакуль не каментуюць.

Глядзі таксама: У «Ітэры» былі падставы ўсумніцца ў тэрмінах акупнасці праекта «Мінск-Сіці» — эксперт.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?