Аляксандр Лукашэнка 6 лютага прыняў з дакладам генеральнага пракурора Аляксандра Канюка, адразу абазначыўшы найбольш актуальныя пытанні для абмеркавання: сітуацыя ў сістэме органаў пракуратуры ў цэлым, у тым ліку з гледзішча кадравага складу, становішча спраў у праваахоўнай сферы, асабліва ў частцы барацьбы з злачыннасцю.
Асобная ўвага была ўдзелена ходу фарміравання Следчага камітэта і яго ўзаемадзеянні з Генпракуратурай. «Следчы камітэт — гэта дзіця МУС, Генпракуратуры, Камітэта дзяржаўнага кантролю, іншых праваахоўных органаў. Вы павінны кантраляваць сітуацыю са стварэннем Следчага камітэта», — адзначыў Лукашэнка.
Ён таксама падкрэсліў, што працу органаў пракуратуры па наглядзе за выкананнем законнасці варта праводзіць мэтанакіравана. Для гэтага пракуроры павінны быць вызваленыя ад неўласцівых ім функцый.
У ходзе сустрэчы ён чарговы раз запатрабаваў прыняць вычарпальныя захады па актывізацыі барацьбы з карупцыяй і арганізаванай злачыннасцю.
Як праінфармаваў генеральны пракурор, новы алгарытм узаемаадносін з іншымі праваахоўнымі органамі ў гэтай сферы цяпер выпрацоўваецца з тым, каб гэтая праца была пастаўлена на больш высокім узроўні.
У 2011 г. адбылося зніжэнне агульнай колькасці злачынстваў, у тым ліку цяжкіх і асабліва цяжкіх.
Лукашэнка адзначыў, што ўсе асноўныя пытанні дзейнасці органаў пракуратуры будуць разгледжаны на спецыяльнай нарадзе ў яго.