— Я ўчора 4 гадзіны стаяў у чарзе, каб паставіць машыну ў крыты падземны паркінг гандлёвага цэнтра «Сталіца». Атрымалася! Інакш сёння з раніцы ў мінус 27 дакладна б не завёўся, — кажа кіроўца Андрэй.

Няўжо ўсе чатыры гадзіны?! Звычайна прыязджаеш у «Сталіцу», і месцаў на паркінгу безліч — паркуйся хоць па дыяганалі: у гэты гандлёвы цэнтр за два крокі ад метро звычайна мала хто ездзіць на машыне. Рэдактар даў заданне: паспрабуйце загнаць машыну на паркінг. Паехалі. Але ўехаць на паркінг было проста нерэальна. Учора ў 11 раніцы на ўездзе ў паркінг «Сталіца» стаяла чарга з дваццаці машын. Прычым амаль адны дызелі.

— Стаю ўжо хвілін 20, — кажа кіроўца «Мерсэдэса», якога буксіраваў на тросе мікрааўтобус. — Учора ўвечары гадзіны паўтары прастаяў. Але не дарма — з раніцы без праблем завёўся. Але ў горадзе потым заглух. Паліва на такім марозе ў жэле ператвараецца. Забіраць машыну буду, калі маразы моцныя спадуць. Прыеду, газы плюхну — і нармальна.

— А я на пару-тройку гадзін стаўлю, — кажа кіроўца «жыгулёнка» з магілёўскімі нумарамі. — У мяне сустрэча толькі праз тры гадзіны. Мне альбо стаяць мерзнуць, альбо бензін паліць. Бензінавая машына ў такі мароз таксама з цяжкасцю заводзіцца.

Як кажа супрацоўнік падземнага паркінга «Сталіца», ажыятаж пачаўся акурат з прыходам моцных маразоў.

— Гісторыя паўтараецца з года ў год. Справа ў тым, што гэта адзіны крыты паркінг у сталіцы. Тэмпература ўнутры каля +10 градусаў. Вось кіроўцы і пакідаюць свае аўто не на начным марозе, а ў цёплым памяшканні.

Колькі каштуе паставіць машыну ў крыты паркінг?

Гадзіна — 8 тысяч

Два гадзіны — 10 тысяч

Тры гадзіны — 12 тысяч

Кожная наступная гадзіна — 1 тысяча

Суткі — 33 тысячы

Другія суткі — 24 тысячы

Абанемент на месяц — 250 тысяч рублёў

На ўвесь горад — 250 машына-месцаў у цёплым паркінгу

Адзіны крыты паркінг у сталіцы складаецца з чатырох узроўняў. Другі і трэці ўзроўні аддадзеныя пад абанементы. Першы і чацвёрты ўзроўні — для наведнікаў гандлёвага цэнтра і тых, хто не знайшоў месца на наземнай паркоўцы ў цэнтры горада. Усяго паркінг змяшчае крыху больш за 500 машын. Гэта значыць, каля 250 аўтамабілістаў маюць рэальны шанец паставіць сваіх жалезных коней у цёплае месца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?