Пракурор Магілёўскай вобласці Эдуард Сянькевіч не лічыць, што ў Клімавіцкім раёне «склалася нейкая мафія». Пра гэта ён заявіў у панядзелак на прэс-канферэнцыі.

Паводле слоў Сянькевіча, арышт трох супрацоўнікаў праваахоўных органаў Клімавіцкага раёна, сярод якіх начальнік раённага аддзела міліцыі, старшы оперупаўнаважаны Клімавіцкага РАУС і старшы следчы Клімавіцкага раённага аддзела ўпраўлення Следчага камітэта па Магілёўскай вобласці,

быў нечаканасцю. Арыштаваныя падазраюцца ў атрыманні хабару ў асабліва буйным памеры.

Разам з тым пракурор упэўнены, што пад дзеяннем трох супрацоўнікаў нельга зрабіць выснову аб усёй працы праваахоўнай сістэмы. Больш за тое, «сістэма сама спыняе злачынныя дзеянні эфектыўна і хутка».

«Летась супраць трох супрацоўнікаў праваахоўных органаў вобласці былі распачатыя крымінальныя справы. Гадоў шэсць таму ў нас даходзіла да 30. Гэта гаворыць, што сістэма сама працуе, сама адсочвае і гэтыя дзеянні не ўтойвае», — заявіў Сянькевіч.

«Я б не сказаў, што ў Клімавіцкім раёне склалася нейкая мафія.

Было няўдалае прызначэнне начальніка РАУС.
Стаіць пытанне ў плоскасці кадравага падбору гэтай асобы», — сказаў пракурор, зазначаючы, што і пракурор Клімавіцкага раёна, і старшыня райвыканкама «на месцы» і ні ў чым не замешаны.

У 2005 годзе Гомельскі абласны суд прыгаварыў былога старшыню Клімавіцкага райвыканкама Уладзіміра Канавалава да чатырох гадоў пазбаўлення волі за перавышэнне службовых паўнамоцтваў. Справу вяла пракуратура Гомельскай вобласці.

У сакавіку 2000 года за шматлікія хібы ў кіраўніцкай і аператыўна-службовай дзейнасці, заніжаныя патрабаванні да сваіх падначаленых быў адхілены ад пасады і звольнены з органаў унутраных спраў начальнік Клімавіцкага РАУС Міхаіл Лук’янаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?