20 студзеня 1892 г. у вёсцы Шакуны, што ў сённяшнім Пружанскім раёне, нарадзіўся фалькларыст, дырыжор і грамадскі дзеяч Рыгор Шырма.

Хор Рыгора Шырмы з Забэйдам-Суміцкім. Фота з кнігі «Gloria victis».

Хор Рыгора Шырмы з Забэйдам-Суміцкім. Фота з кнігі «Gloria victis».

«Гэта знакавая постаць у беларускім мастацтве. — расказвае гісторык і літаратуразнаўца Арсень Ліс. — Перадусім ён падняў пласт беларускай народнай песні, і паказаў яе ва ўсё красе. Ягоная капэла стварыла выдатныя інтэрпрэтацыі не толькі беларускай, але і замежнай класікі.

Рыгор Шырма жыў у Заходняй Беларусі і быў выдатным дзеячом нацынальна-вызваленчага руху —

ён быў сакратаром Галоўнай управы Таварыства беларускай школы, якая супрацьстаяла паланізацыі.
У Вільні ён выдаў першыя зборнікі народных песняў, быў кіраўніком двух хароў. І не трэба забывацца, што Шырма быў яшчэ і выдатным публіцыстам.
Калі забаранілі зборнік вершаў Максіма Танка, дык выявілася, што забарона тычылася не столькі вершаў, колькі прамовы, напісанай Рыгорам Шырмай — настолькі яна была яскравай і актуальнай для беларускага грамадства.
У Савецкім Саюзе было тры вялікія харавыя дырыжоры, якія значна ўзнялі культуру — Аляксандр Свечнікаў у Маскве, Густаў Эрнэсакс у Эстоніі і Рыгор Шырма ў Беларусі.

На пачатку ХХ ст. культура народнай песні развівалася разам з адраджэннем. У той час, калі з’явілася „Наша Ніва“, куды людзі дасылалі народныя песні. Антон Грыневіч выдаваў зборнікі песняў з нотамі. Гэта быў уздым культуры ўвогуле — напрыклад, тэатр Буйніцкага, які вандраваў па краіне, і пасля выступаў якога ў мястэчках з’яўляліся свае гурткі, дзе людзі сярод іншага спявалі тыя самыя песні.

І постаць Рыгора Шырмы бясспрэчна магутная. Ён меў энцыклапедычныя веды, перапісваўся з украінскімі кампазітарамі з Канады, тое, што ён рабіў сам як кампазітар, — гэта былі творы вельмі высокага класа. І вельмі крыўдна, што цяпер ягоная спадчына так мала запатрабавана. А гэта музыка найвышэйшага класа, і яна захавалася не толькі на пласцінках. Вось я слухаю радыё беларускае, але там жа ўсё гэта не гучыць, хаця ў Фондзе мусіць быць шмат гэтых запісаў. І гэта вельмі крыўдна».

У Пружанах у мясцовым доме культуры 20 студзеня адбудзецца святочны вечар, у якім возьмуць удзел навукоўцы і родныя Рыгора Шырмы. Пачатак 19.00.

24 студзеня ў Малой зале філармоніі адбудзецца канцэрт «Песня — душа народа» (да 120-годдзя з дня нараджэння Рыгора Шырмы). У канцэрце возьме ўдзел Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р.Шырмы. Мастацкі кіраўнік — народная артыстка Беларусі Людміла Яфімава. Пачатак 19.00

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?