Віцебскі актывіст Кансерватыўна-хрысціянскай партыі — БНФ Сяргей Каваленка працягвае галадоўку пратэсту супраць свайго затрымання ў следчым ізалятары Віцебска. Пра гэта БелаПАН паведаміла яго жонка Алена Каваленка.

Паводле яе слоў, 4 студзеня з Каваленкам сустрэўся адвакат. «Я прасіла адваката, каб ён адгаварыў Сяргея ад галадоўкі, якая доўжыцца ўжо 17 дзён. Але ў адваката гэта не атрымалася. Сяргей заявіў, што галадоўку спыніць толькі тады, калі яго вызваляць», — сказала Алена Каваленка.

Яна паведаміла, што пакуль яе муж «выглядае нармальна». «Перыядычна яго аглядае ўрач. Аднак мне не дазваляюць перадаць Сяргею нават мінеральную ваду, хоць ён сам неаднаразова пра гэта прасіў, і я неаднаразова спрабавала яму ваду перадаць», — сказала Алена Каваленка.

Яна таксама адзначыла, што адвакат пасля сустрэчы з падабаронным параіў ёй схадзіць на прыём у следчы ізалятар Віцебска, дзе ўтрымоўваецца Сяргей Каваленка, і папрасіць спаткання з урачом. «Магчыма, медработнікі дадуць дазвол на тое, каб перадаць Сяргею ваду». У СІЗА Алена Каваленка збіраецца сёння, 5 студзеня. Таксама яна спадзяецца атрымаць спатканне з мужам і паспрабаваць пераканаць яго, каб галадоўку пратэсту актывіст усё ж спыніў.

Нагадаем, Сяргей Каваленка арыштаваны ў межах распачатай у дачыненні да яго справы паводле артыкула 415 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі). Актывісту пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі. Нагодай для гэтага сталі нібыта чатыры парушэнні, якія Каваленка ўчыніў падчас адбывання пакарання.

Каваленку неаднаразова затрымоўвала міліцыя за арганізацыю розных акцый. У маі 2010 года суд Кастрычніцкага раёна Віцебска прыгаварыў яго да трох гадоў пазбаўлення волі ўмоўна за вывешванне бел-чырвона-белага сцяга на галоўнай ёлцы Віцебска 7 студзеня. Гэты ўчынак быў кваліфікаваны ўладамі як «наўмысныя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак і паказваюць яўную непавагу да грамадства».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?