Ад 6 студзеня канчаткова ўведзена фільтрацыя забароненых у Беларусі сайтаў. Уласнік партала Tut.by на сайце лукашэнкаўскага агенцтва БелТА адкаментаваў гэты факт так: «Гэта з’яўляецца агульнапрынятай практыкай у Еўрасаюзе, дзе ў чорных спісах фігуруюць сотні тысяч парнаграфічных і экстрэмісцкіх сайтаў».

Прапаную сп. Зісеру развіць свае тэзісы наступнымі:

— У Еўрасаюзе галасы таксама лічаць выбарчыя камісіі (толькі з удзелам актыву ўсіх кандыдатаў і абсалютна празрыста),

— у Еўрасаюзе таксама ёсць дзяржаўныя СМІ (якія даюць слова як тамтэйшым Лукашэнкам, так і тамтэйшым Саннікавым),

— у Еўрасаюзе ў турмах таксама сядзяць вязні (толькі жураўковы, а не Бяляцкія — хоць, варта адзначыць, што Бяляцкія там нідзе не сядзяць, а вось жураўковы месцамі сядзяць, а месцамі таксама гуляюць на свабодзе — не ўсюды ёсць праўда на свеце).

Сайты Charter97.org, Belaruspartisan.org, Spring96.org і Prokopovi.ch не з’яўляюцца ані экстрэмісцкімі, ані парнаграфічнымі.
А менавіта гэтыя сайты ўключылі ў спіс для блакавання, разам з блогам захапляльнага майстра сатыры Ліпковіча. Першыя два — гэта звычайныя для Еўропы палітычныя сайты. Так, вострыя, так, таблоідныя, але каму як не сп. Зісеру, які, паводле ягонага ўласнага прызнання, бывае і ў Лондане, і Нью-Ёрку і нават у Падмаскоўі, не ведаць, што ніхто ў Еўрасаюзе не пераследуе апазіцыйных сайтаў. Чацвёрты з пералічаных — сайт грамадзянскага дзеяння і сцёбу адначасова. Так, правакатыўны, але і такі сайт ніхто ў Польшчы ці Швецыі ў аналагічнай сітуацыі не блакаваў бы.

А ўключэнне ў спіс сайта праваабаронцаў Spring96.org прамаўляе само за сябе.

Але гэтага сп. Зісер для агенцтва БелТА, вядома, не адзначыў.
Або калі і адзначыў, дык не надта настойваў, каб яны пакінулі гэтую нотубэнэ ў тэксце.
Ну што ты прычапіўся да Зісера, скажа мне сябар. Гэта ж добрая хлусня, скажа ён, гэта хлусня «во спасеніе».
Для збавення таго самага Тутбая — важнага інфармацыйнага партала, які ўсё ж нейкую праўдзівую інфармацыю людзям даносіць і нават (о, смеласць, о ахвярнасць!) часам публікуе навіны па-беларуску (гэта мне сябар напісаў, калі мы з ім у скайпе абмяркоўвалі выпадак з дэманстратыўнай цэнзурай Вольскага на тым самым Тутбаі).
А я вам скажу — хочацца, каб такі таленавіты, выдатны чалавек як сп. Зісер часам маўчаў.
Маўчанне — золата. І нічога б для Тутбая не памянялася. Анічога.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?