Папулярны расійскі актор Аляксей Шутаў, вядомы гледачу па серыялах «Выклік», «Ефрасіння» і «Вяртанне Мухтара», даўно жыве на тры мегаполісы: Масква, Кіеў, Мінск.
У беларускай сталіцы, дзе ён нядаўна купіў нерухомасць, герой экрана праводзіць амаль увесь вольны ад здымак час. У інтэрв’ю «Салідарнасці» Аляксей расказаў пра тэатр, беларусаў у расійскім кіно і сваё стаўленне да палітыкі.

— Калі адбылася вашая першая сустрэча як актора з кіно?

— Маё вялікае кіно пачалося параўнальна нядаўна. Гэта серыял «Выклік», які стартаваў у 2006. Да таго былі ролі, не такія значныя па аб’ёме, але ад гэтага не менш цікавыя. У 1998 годзе мне дасталася роля юнкера ў «Сібірскім цырульніку» Мікіты Міхалкова. Здымкі супалі з працай у Тэатры Армена Джыгарханяна. Давялося на год звольніцца з тэатра, потым вяртацца… Але зусім пра гэта не шкадую. Гэты час запомніўся менавіта прысутнасцю на здымачнай пляцоўцы, назіраннем за тым, як працуе Мікіта Сяргеевіч Міхалкоў.

— Якія адносіны ў актораў серыялаў і «вялікага» кіно?

— Розныя, я б сказаў. Але ў серыялах здымацца не сорамна. Гэта цалкам запатрабаваны прадукт. Цяпер у Расіі робіцца шмат якасных праектаў, якія і серыяламі назваць цяжка. Да прыкладу, «Ліквідацыя». У такія праекты ідуць акторы з імёнамі. Ідуць у першую чаргу на рэжысёра і добры сцэнар.

Хоць мяжа паміж вялікім кіно і серыяламі, вядома, існуе.

Некаторыя рэжысёры не любяць актораў, якія здымаюцца ў рэкламе. Яны лічаць, што рэклама вучыць актора штампам, якіх потым цяжка пазбавіцца на здымачнай пляцоўцы. Хоць для многіх досвед працы ў рэкламе — гэта адна з нешматлікіх магчымасцяў рэалізоўвацца ў прафесіі…

— Наколькі цяжка трапіць у кіно ў Расіі?

— Цяжка. Гэта залежная прафесія. Акрамя таленту і ўмення прабіваць сабе дарогу павінная быць пэўная доля шанцавання. Шанцаванне апынуцца ў патрэбным месцы, спадабацца… Вельмі шмат таленавітых актораў прыходзіць на пробы, а выбраць з іх цяжка. Рэжысёр сам можа не ведаць, чаго хоча, альбо ў яго ўжо гатовы вобраз і страшна цяжка ў яго патрапіць. Не існуе сістэмы і выразных правілаў «як трапіць у кіно».

— Ці дапамагае тэатр працы ў кіно?

— Хутчэй ёсць складанасці. Актор, які хоча граць у тэатры, наўрад ці будзе плённа здымацца ў кіно, таму што ўсе да адзінага мастацкія кіраўнікі тэатраў, з майго асабістага досведу — гэта «Карабасы-Барабасы». У Джыгарханяна, да прыкладу, свой тэатр, і ў яго як у мастацкага кіраўніка акторы выклікаюць пачуццё уласнасці. Ва ўсіх такое. Актор, які сыходзіць у кіно, выклікае рэўнасць. Прынамсі, у мяне так было. Сыходзячы здымацца да Міхалкова, тым больш не на галоўную ролю, а на «кушать подано», я выклікаў рэўнасць і неразуменне.

Я гэта разумею, таму што вучыўся ў Армена Барысавіча, потым ён мяне ўзяў у тэатр. А тут павеяла — і я ўцёк на цэлы год. Але так усё акторскае жыццё ўладкаванае. Цябе паклікалі, і ты раптам павінен вырашыць за вельмі кароткі прамежак часу, ісці ці не.

Ці, напрыклад, серыял «Вяртанне Мухтара», у якім я здымаўся ўвесь гэты год… Ён робіцца на замову Масквы, але ў Кіеве. Хто можа сабе дазволіць паехаць на такі працяглы тэрмін, жыць і працаваць у іншай краіне, маючы мінімум магчымасці бачыцца з блізкімі?! Актор можа. Гэта складанае рашэнне, але для актора — гэта хутчэй норма. Часта я прыязджаў з такімі працяглымі камандзіроўкамі і на здымкі ў Мінск.

— Шмат беларусаў у расійскім кіно?

— Большасць беларускіх актораў, якія больш-менш здымаюцца, імкнуцца ў Маскву. Па-першае, няма магчымасці здымацца тут. Па-другое, нават калі маскоўскі праект здымаецца ў Мінску або ў Кіеве, беларусы, якія пераехалі, ужо пазіцыянуюцца як маскоўскія. Для прасоўвання сябе ў прафесіі гэта правільна, напэўна. Масква — кінематаграфічны цэнтр. Але наогул, як правіла, вытворчасць кіно — справа інтэрнацыянальная, напэўна, яшчэ з часоў СССР.

— Чаму прыйшлі ў гэтае рамяство?

— Была цікавасць яшчэ ў падлеткавым узросце. І ў мяне яна пайшла далей за школьную мару. Калі паступіў у 1991 годзе на акторскі факультэт ВГИКа — час быў няпросты, паўставала шмат пытанняў, звязаных з будучыняй… Але мая мара ажыццявілася, я жыў у тым свеце, пра які марыў. Вакол мяне былі такія ж людзі з падобным светаадчуваннем. Плюс мне вельмі пашанцавала з настаўнікамі — я трапіў у майстэрню Філозава і Джыгарханяна. І адразу пасля заканчэння ўнівесітэта, як ужо казаў, Армен Барысавіч ўзяў мяне ў тэатр.

— Якія якасці трэба мець, каб стаць акторам?

— Складана раіць, таму што гэтая прафесія — самая эфемерная з усіх магчымых. Складана скласці азбуку прафесійных навыкаў.

Мабыць, у першую чаргу трэба жаданне. Упартасць важная, але не варта яе ўзводзіць у абсалют. Талент мае дастаткова апасродкаванае дачыненне да прафесіі. У спісе — харызма, асабістая скіраванасць і апантанасць… Немалую ролю граюць людзі, якія цябе атачаюць, чыёй энергіяй ты сілкуешся, якія цябе вучаць. Вельмі шмат момантаў. Лёс тут мае вельмі вялікае значэнне…

— Хто твае любімыя рэжысёры?

— У першую чаргу — тыя, з кім працаваў. Мне хацелася б як мага часцей сустракацца на здымачнай пляцоўцы з кіеўскім рэжысёрам Сашам Капейкіным, у якога неверагодна творчая атмасфера ў працэсе здымак. З піцерскім рэжысёрам і акторам Арменам Мазікянам, з якім супрацоўнічалі на «Выкліку». Мне цікава, калі на здымачнай пляцоўцы адбываецца такі творчы пінг-понг паміж рэжысёрам і акторам.

У любым выпадку і ў тэатры, і на здымачнай пляцоўцы важны чалавечы фактар. Першы раз я пачуў гэта ад свайго педагога Армена Джыгарханяна: калі ў працы актор і рэжысёр сыходзяцца па «групе крыві», то творчасць будзе. Калі такая сумяшчальнасць адбываецца — гэта вялікая радасць. Калі не — працэс, у найлепшым выпадку, ператвараецца ў вытворчасць.

— А як з творчасцю ў серыялах?

— У «Мухтару», напрыклад, складана. Гэта наладжаная вытворчасць, такі завод. Там мы усе закладнікі нормы выпрацоўкі. Мы павінныя зняць за дзень пэўную колькасць матэрыялу… Пра творчасць казаць не даводзіцца.

— Слава і прызнанне важныя?

— Ёсць такія заняткі, якія з’яўляюцца як бы лакмусавай паперкай, калі, сутыкаючыся з той ці іншай працай, выяўляюцца добрыя або дрэнныя якасці чалавека. Акторская прафесія — якраз такая лакмусавая паперка. Можна спакушацца ўвагай. Зноў жа, як казаў мой настаўнік Армен Джыгарханян, «слава — гэта пабочны эфект нашай прафесіі». Гэта выдатная заўвага. За гэтым эфектам можна пайсці, а можна проста ўспрымаць яго як дадзенасць. Так, я здымаюся, раблюся медыйным і вядомым. І ўспрымаю гэта проста як дадзенасць.

— Што вас звязвае з Мінскам?

— Я даволі працяглы час правёў тут на здымачнай пляцоўцы: каля чатырох гадоў. Палюбіў Мінск ад усёй душы. Наогул, усю Беларусь — не толькі Мінск — палюбіў. Першы раз я прыехаў у Мінск у 1992 годзе да сябра. Тады ў гэты горад і закахаўся. Выдатная прырода, пышныя чыстыя гарады, ветлівыя людзі, з якімі вельмі лёгка працуецца. Часта прыязджаю сюды з дачкой Дашай, праводжу час з блізкімі… Вось і цяпер, падчас двухмесячнага адпачынку пасля здымак сёмага сезона «Вяртання Мухтара», жывем тут і нават паспелі купіць кватэру.

— Аляксей, як вы лічыце, актор і палітыка — гэта рэчы сумяшчальныя?

— Для мяне — не. Палітычная ангажаванасць актораў — павеў медыйнасці і папулярнасці. Ты медыйны, і тады цябе просяць сказаць нешта ў падтрымку таго ці іншага руху. Хтосьці з актораў гэтым карыстаецца, пагаршаючы, як на мяне, сваё становішча. Нехта сапраўды мае сваю пазіцыю, але досыць яму заплаціць кругленькую суму, і яна можа змяніцца.

Каб займацца палітыкай, трэба час, жаданне, быць у тэме, трэба папросту пакласці жыццё, каб сапраўды несці сваю місію — на карысць выбаршчыкаў. Гэта не павінна быць чымсьці павярхоўным. Што да мяне, то столькі часу я не маю, а быць пешкай, тварам, які прадстаўляе чыесьці лозунгі, — лічу несумленным заняткам.

Гэта маё асабістае перакананне. Я не цікаўлюся палітыкай і не імкнуся з ёй хоць неяк судакранацца.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?