Прыхільнікі беларускіх гуртоў і выканаўцаў, якіх з палітычных матываў унеслі ў так званы «чорны спіс» і якія з гэтай прычыны пазбаўленыя магчымасці весці канцэртную дзейнасць, аб’ядноўваюцца пад сцягам грамадскай кампаніі «Рок-салідарнасць».

Як расказаў каардынатар «Рок-салідарнасці» Аляксей Лукашэвіч, найбліжэйшым часам у Мінкульт, Мінгарвыканкам і «іншыя ўстановы, адказныя за дазвол на правядзенне канцэртаў», будзе накіраваны зварот.

«Мы б хацелі, каб нам патлумачылі сітуацыю, чаму музыкі, якія развіваюць беларускую культуру, натыкаюцца на нейкія забароны. Чаму ў кагосьці гэтыя забароны ёсць, у кагосьці няма. Хацелі б даведацца, ці існуюць насамрэч чорныя спісы забароненых музыкаў, чым абгрунтаваныя адмены канцэртаў шэрагу альтэрнатыўных музыкаў, — патлумачыў Лукашэвіч. — Хочам атрымаць канкрэтны адказ, тлумачэнне на паперы. Таму што цяпер усё на ўзроўні чутак — чыноўнікі быццам кажуць, што ніхто нічога не забараняе, гэта проста то святло адключаецца, то яшчэ штосьці. А тым часам музыкі не могуць рэалізаваць сваё права на творчасць».

Як дадаў каардынатар кампаніі, зварот у дзяржорганы рыхтуецца з дапамогай юрыстаў — «каб усё было пісьменна і правільна зроблена і мы маглі атрымаць максімальна праўдзівы адказ». У той жа час арганізатары «Рок-салідарнасці» прызнаюцца, што асаблівых надзей на высвятленне сітуацыі з боку чыноўнікаў у іх няма.

Па выніках адказу на зварот будзе прымацца рашэнне аб арганізацыі сустрэч музыкаў, у якіх узнікаюць праблемы з правядзеннем канцэртаў, з чыноўнікамі.

Кампанія «Рок-салідарнасць» заявіла пра сябе 10 снежня — у Дзень правоў чалавека яе актывісты раздалі на вуліцах Мінска больш за тысячу дыскаў з музыкай забароненых беларускіх гуртоў. Кампанія была ініцыяваная клубам аматараў айчыннага року і актывістамі недзяржаўных арганізацый.

«Ідэя не новая, нарадзілася яна яшчэ ў сярэдзіне 2000-х, калі была першая хваля забаронаў, — кажа Аляксей Лукашэвіч. — І гэтым летам тыя ж хлопцы, якія тады арганізоўвалі аналагічныя ініцыятывы і акцыі, сабраліся і вырашылі, што трэба і цяпер нешта рабіць».

На пытанне, ці не ёсць дазвол на правядзенне канцэрту «Крамбамбулі» прыкметай своеасаблівай адлігі ў дачыненні да забароненых музыкаў, Лукашэвіч заўважыў, што не варта абнадзейвацца: «У сярэдзіне 2000-х была татальная забарона, гэта значыць, быў дакладны спіс гуртоў, якім нідзе і ніколі не давалі выступаць. А цяпер усё інакш — хтосьці камусьці можа патэлефанаваць, перагаварыць і каму-небудзь могуць даць ціхенька выступіць. Мы супраць такога тэлефоннага права».

Паводле словаў Лукашэвіча,

сярод музыкаў, гатовых супрацоўнічаць з кампаніяй, ёсць як тыя, хто нібыта занесены ў таямнічыя чорныя спісы, так і тыя, у каго праблем з выступамі няма.

«Усе музыкі паставіліся пазітыўна, з разуменнем да нашай ініцыятывы, — адзначыў каардынатар кампаніі. — Гэта і Зміцер Вайцюшкевіч, і Піт Паўлаў, і Аляксандр Кулінковіч, і Алег Хаменка, і гурты Naka, Znich, Drum Ecstasy. Мы звязаліся з усімі, у каго былі праблемы. Ва ўсіх ёсць цікавасць. І нават калі не ва ўсіх ёсць пытанні з арганізацыяй канцэртаў, усіх хвалюе гэтая сітуацыя, калі нехта дазволены, а нехта забаронены».

Як прызнаецца Аляксей Лукашэвіч, ёсць у планах у «Рок-салідарнасці» і намер паспрабаваць «зачапіць» афіцыйных поп-выканаўцаў:
«Можа, Саладуху, Дарафееву. Памятаю, некалькі гадоў таму якраз афіцыйныя дапамаглі „Краме“. Так што чаму не? Хочацца іх хоць бы праінфармаваць, можа, нейкі каментар атрымаць. Бо многія з нашых поп-зорак нават не вераць, што нехта не можа выступаць — кажуць, хлопцы ды вы проста не збіраеце залы і прыкрываецеся тым, што вас забараняюць».
Акрамя таго, «Рок-салідарнасць» цяпер працуе над арганізацыяй канцэрту альтэрнатыўных музыкаў, займаецца рэкламай ініцыятывы і набірае добраахвотнікаў.

Дарэчы, як адзначае Аляксей Лукашэвіч, ён быў прыемна здзіўлены тым, што кампанія набірае папулярнасць: «Запускалі мы кампанію ў дапамогу музыкам, для іх, у знак салідарнасці з імі, а выявілася, што ёсць яшчэ вельмі шмат фанатаў гэтых музыкаў, якія пакутуюць ад таго, што не могуць чуць і бачыць свае любімыя групы, і хочуць дапамагчы гэта выправіць. Да нас захацелі далучыцца і рэгіёны. Напрыклад, Віцебск, Наваполацк, Салігорск актыўна прапаноўваюць свае ідэі».

«Шчыра кажучы, я быў прыемна здзіўлены і стаўленнем, — прызнаўся ён. — Людзі гатовыя не толькі ў інтэрнэце абмяркоўваць забароны, але і рэальна нешта рабіць. Шмат хто кажа, што гэта адна з нешматлікіх кампаній, у якіх сапраўды хочацца ўзяць удзел, што ніколі не хадзілі ні на якія палітычныя акцыі, але тут гатовыя дапамагаць чым заўгодна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?