Дагэтуль датай стварэння банкаўскай сістэмы ў Беларусі было прынята лічыць 3 студзеня 1922 года
 — дату пачатку працы ў Мінску Беларускай канторы Дзяржбанка пры Наркамаце фінансаў Беларускай ССР.

«Аднак праведзеныя даследаванні архіўных матэрыялаў, вывучэнне калекцый фінансавых дакументаў і каштоўных папер дазволілі атрымаць неабвержныя дакументальныя сведчанні таго, што першая банкаўская ўстанова на тэрыторыі сучаснай Беларусі з’явілася як мінімум на паўстагоддзя раней,

а менавіта: 8 студзеня 1870 года, калі быў падпісаны Указ Сената Расійскай Імперыі аб заснаванні ў Гомелі гарадскога грамадскага банка.
З гэтага часу і бярэ свой пачатак гісторыя станаўлення і развіцця банкаўскай сістэмы Беларусі», — паведамілі ва ўпраўленні інфармацыі Нацбанка.

Там патлумачылі, што пасля адмены ў Расіі прыгоннага права дзелавая актыўнасць у Гомелі прыкметна павялічылася, праз год пачалося будаўніцтва Лібава-Роменскай чыгункі, якая злучыла Украіну з Прыбалтыкай, а таксама Палескай чыгункі, што злучыла ўсю паўднёвую частку сучаснай Беларусі, Польшчу, Украіну. Усё гэта прывяло да вельмі хуткага прытоку насельніцтва. Для вырашэння надзённых пытанняў гарадскога жыцця неабходна была паўнацэнная фінансавая ўстанова.

Магчыма, менавіта таму 8 студзеня 1870 года быў падпісаны Сенацкі Указ аб заснаванні ў Гомелі гарадскога грамадскага банка. Яго асноўны капітал пры заснаванні быў вызначаны ў 20 тысяч рублёў. У музейным фондзе Нацыянальнага банка захоўваецца чэк гэтага банка — неаспрэчны «рэчавы доказ» існавання банка.

Як і многія іншыя гарадскія банкі,

гэта першая ў Беларусі прыватная камерцыйная грашова-крэдытная ўстанова выдавала доўгатэрміновыя пазыкі пад заклад гарадскіх і будаўнічых участкаў.
Капітал гэтых банкаў ствараўся са сродкаў гарадскога бюджэту, а крэдытаваліся ў асноўным сярэднія і дробныя прадпрымальнікі. Крэдыты даваліся таксама гарадской управе, мясцоваму земству, а прыбытак ад аперацый адлічваўся на патрэбы гарадскога добраўпарадкавання і дабрачынныя мэты. Затым свае гарадскія банкі, апрача Гомеля, з’явіліся ў Полацку, Віцебску, Барысаве, Магілеве, Ігумене.

Як падкрэсліваюць у Нацбанку, больш ранняй даты стварэння банкаў на тэрыторыі Беларусі не ўстаноўлена. Такім чынам, пачатковай датай у гісторыі банкаўскай сістэмы Беларусі варта лічыць дату стварэння Гомельскага гарадскога грамадскага банка — 8 студзеня 1870 года.

У галоўным банку краіны таксама растлумачылі, што замена даты не запатрабуе ўнясення змяненняў ва ўказ прэзідэнта ад 26 сакавіка 1998 года № 157 «Аб дяржаўных святах, святочных днях і памятны датах у Рэспубліцы Беларусь», таму што прафесійнае свята банкаўскіх і фінансавых работнікаў адназначаецца ў першую нядзелю студзеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?