Старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі Беларусі Вадзім Зайцаў лічыць найгрубейшай правакацыяй інцыдэнт са знікненнем у Мінску грамадзянак Украіны — актывістак руху Fеmen.

«Развіваецца найгрубейшая правакацыя. А хто за ёй стаіць, мы разбярэмся ў бліжэйшы час», — заявіў В. Зайцаў ў сераду журналістам у Мінску.

Зайцаў падкрэсліў, што супрацоўнікі Камітэта дзяржбяспекі не маюць дачынення да таго, што актывісткі Femen былі знойдзеныя ў Ельскім раёне Гомельскай вобласці і былі, па іх словах, пазбаўленыя грошай і дакументаў, а таксама збітыя.

МУС не завёў справу пра выкраданне актывістак Femen. Прэс-сакратар МУС Канстанцін Шалькевіч заявіў, што ад грамадзянак Украіны «ніякіх пісьмовых заяваў не паступала».

«У пасольства Украіны прэтэнзій да міліцыі няма, з іх боку таксама не паступала ніякіх пісьмовых заяваў паводле стану на той час, калі ўкраінскі консул пакінуў Ельскі РАУС. Праверачныя захады цяпер праводзяцца супрацоўнікамі міліцыі, але на падставе таго, што нам стала вядома пра нібыта ўчыненае правапарушэнне — гэта ўчора стала вядома з інтэрнэту. Учора было адпаведнае рэагаванне, выязджала аператыўна-следчая група. У рамках таго, што нам стала вядома, зараз праводзяцца адпаведныя праверачныя меры», — заявіў Шалькевіч.

Лідар суполкі Femen Ганна Гуцал рэагуе на падзеі па-жаночаму: «Я разумею, што патрабаваць завесці крымінальную справу ў краіне, дзе няма права ў прынцыпе, гэта нерэальна. Мы будзем патрабаваць ад МЗС Украіны пісаць дыпламатычную ноту. Мы будзем патрабаваць ад міжнароднай супольнасці ўводзіць міжнародныя санкцыі, але не эканамічныя, бо не трэба, каб пакутаваў беларускі народ. Пісаць заявы?! Куды мы будзем пісаць заявы? У КДБ ваш? Гэта не мае сэнсу!».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?