Былыя чыноўнікі магілёўскай гарадской вертыкалі знайшлі сабе літоўскіх працадаўцаў.
Экс-мэр Віктар Шорыкаў, паводле інфармацыі «Ежедневніка», напрыклад, заняў пасаду аднаго з намеснікаў дырэктара ў кампаніі «ВМГ Індустры».

Нагадаем, што Віктар Шорыкаў быў мэрам Магілёва амаль 8 гадоў. Восенню 2009 года ён напісаў заяву пра сыход ў уласнага жадання. Некаторы час Шорыкаў працаваў у якасці кіраўніка ўплаўлення Фонду сацыяльнай абароны Магілёўскай вобласці. Але яго вопыт і сувязі, мабыць, прыдаліся, калі да Магілёва і беларускіх лясоў выказалі цікавасць літоўскія інвестары.

«ВМГ Індустры» — буйны праект, які рэалізуюць у рамках СЭЗ «Магілёў» саўладальнікі літоўскага дрэваапрацоўчага холдынгу Vakaru Medienos Grupe Сігітас Паўлаўскас і Віктарас Адамайціс. У пачатку 2011 года яны падпісалі з магілёўскімі ўладамі інвестыцыйную дамову аб стварэнні вертыкальна інтэграванага дрэваапрацоўчага комплексу з аб’ёмам інвестыцый 64,3 млн еўра. Акрамя ўласных сродкаў VMG прыцягвае ў якасці суінвестараў шведскія кампаніі — IKEA, Euler Hermes Bank і Swedfund. Зацікаўленасць у фінансаванні праекта выказаў Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця.

Плануецца на гэтыя сродкі пабудаваць ужо ў 1-й палове 2012 года заводы па выпуску панэляў ДСП, мэблевых дэталяў для плюшчэння шпону і вытворчасць корпуснай мэблі.

Дарэчы, людзі з каманды Шорыкава, што пакінулі мэрыю неўзабаве пасля яго сыходу, будуць працаваць і ў іншым праекце літоўскага бізнэсу ў магілёўскай дрэваапрацоўцы. Канцэрн SBA стварыў даччыную кампанію «Мебелаін», якая зоймецца на тэрыторыі той жа СЭЗ «Магілёў» вытворчасцю мэблі з паўфабрыкатаў «ВМГ Індустры». Мэбля прызначаная ў тым ліку для патрэб сусветна вядомай шведскай кампаніі IKEA. Аб’ём інвестыцый у гэты праект ацэньваецца ў яшчэ каля 12,65 млн еўра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?