Кіраўніцтва ўпраўлення ДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама стала ініцыятарам ўсталявання на дарогах макетаў дзікіх кабаноў, якія свецяцца.

Як паведаміла інспектар аддзялення па агітацыі і прапагандзе УДАІ Наталля Елістратава, на дадзены момант сілуэты кабаноў, зробленыя з тонкіх лістоў металу, усталяваныя каля дачнага пасёлка ва ўрочышчы Клянкі і абласнога цэнтра.

«Увесь сэнс прысутнасці макетаў кабаноў ўздоўж дарогі можна зразумець толькі вечарам ці ноччу, калі святло фар ад аўтамабіляў трапляе на макет: спачатку кіроўца заўважае толькі невялікую светлую пляму, якая з кожным метрам робіцца ярчэйшай, ды яшчэ і павялічваецца ў памерах. На макеты нанесеная спецыяльная светлаадбівальная сумесь, і эфект ад такога яркага начнога звера будзе ў разы перавышаць дзеянне флікера, што прымусіць кіроўцу машынальна знізіць хуткасць», — патлумачыла сутнасць ідэі інспектар.

Кіраўніцтва мясцовай ДАІ, паводле словаў інспектара, бачыць у гэтым толькі перавагі. Па-першае, паблізу гэтага ўчастка дарогі размешчаныя дачныя кааператывы, што павялічвае інтэнсіўнасць руху пешаходаў уздоўж праезнай часткі, а таксама ўзрастае рызыка наездаў на іх. Па-другое, макеты паблізу ляснога масіву папярэджваюць кіроўцаў аб магчымым з’яўленні ў гэтых месцах сапраўдных дзікіх жывёл.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?