Хадж да святых месцаў ісламу ў Мецы і Медыне афіцыйна пачынаецца сёння ў Саудаўскай Аравіі.
Гэта адзін з асноўных абавязкаў мусульманіна, які гарантуе яму адпушчэнне грахоў і дасягненне вечнага шчасця ў замагільным жыцці. Кожны прававерны, паводле ісламу, абавязаны хоць раз у жыцці здзейсніць хадж.

Сёлета саудаўскія ўлады афіцыйна абвясцілі, што не дапусцяць у краіну нікога без спецыяльных дазволаў. Упершыню такія пісьмова задакументаваныя дазволы на хадж, у тым ліку і для падданых каралеўства, былі ўведзеныя тры гады таму, і з тых часоў саудаўскія сілы бяспекі строга сочаць за выкананнем гэтай нормы, правяраючы ўсіх, хто ўязджае ў Мекку.

З гэтага года ўведзеныя і некаторыя іншыя абмежаванні. Так, вернікам забаронена курыць на тэрыторыі святынь, парушальнікам пагражае буйны штраф. Забаронена таксама ў мэтах эканоміі спаць на падлозе. Як заявілі прадстаўнікі ісламскага духавенства каралеўства, «іслам паклапаціўся аб фізічным і фінансавым дабрабыце паломнікаў, іх бяспецы, паломніцтва спалучанае з рызыкамі і нязручнасцямі, але пры гэтым кожны мусульманін абавязаны выконваць інструкцыі, выдадзеныя кампетэнтнымі органамі, скіраванымі на захаванне поўнай бяспекі» ўдзельнікаў хаджу.

Як чакаецца, паломніцтва сёлета здзейсняць больш за 2 мільёны мусульман з усяго свету. Кожная краіна атрымлівае пэўную квоту. Першыя паломнікі пачалі прыбываць у Саудаўскую Аравію за тыдні, каб загадзя падрыхтавацца да выканання абрадаў. Улады краіны прызналіся, што кошт паездкі на хадж у каралеўства сёлета істотна вырас, у тым ліку і па віне кампаній, якія арганізуюць гэтыя паездкі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?