Да канца 2011 года Павел Барадзін пакіне пасаду дзяржаўнага сакратара Саюза Расіі і Беларусі, паведаміў «Московский комсомолец». Яго найболей верагодным пераемнікам з’яўляецца цяперашні паўнамоцны прадстаўнік прэзідэнта РФ у Прыволжскай федэральнай акрузе Рыгор Рапота.

«У адрозненне ад вышэйшых расійскіх лідараў Павел Барадзін ніколі публічна не гаварыў ніводнага дрэннага слова пра Аляксандра Лукашэнку. Аднак ініцыятыва яго замены, паводле нашых даных, належыць менавіта беларускаму боку», — піша газета.

Расійскае кіраўніцтва «просьбу прыняло» і падабрала Барадзіну «годнага пераемніка». Рапота да 2007 года працаваў генеральным сакратаром «прарасійскага інтэграцыйнага блока ЕўрАзЭС» і «знаходзіўся ў добрых асабістых адносінах з Аляксандрам Лукашэнкам».

Паводле даных «МК», Барадзін «вельмі не хоча пакідаць пасаду, да якой ён моцна прырос за доўгія гады, і здолеў выклапатаць сабе ўжо дзве адтэрміноўкі». Але на лістапад гэтага года запланавана пасяджэнне Вышэйшага дзяржаўнага савета саюзнай дзяржавы, і менавіта там павінна адбыцца ракіроўка.

«Саюзная дзяржава Расіі і Беларусі была афіцыйна створана яшчэ ў 1999 годзе, але за гэты час так і не перастала быць эфемерным утварэннем. Перыядычна ўзнікалі гутаркі аб тым, што да „саюза“ вось-вось далучыцца то Малдова пад кіраўніцтвам камуніста Вароніна, то Абхазія з Паўднёвай Асеціяй. Але гады ідуць, а „вось-вось“ ніяк не настае. З усіх прыкмет сур’ёзнай структуры саюзная дзяржава можа пахваліцца толькі немалым бюджэтам у мільярды рублёў», — піша «МК».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?