Місія Міжнароднага валютнага фонду па ацэнцы эканамічнай сітуацыі ў Беларусі пачала працаваць у Мінску 5 кастрычніка, паведамілі ў прадстаўніцтве МВФ.

Ва ўрадзе не выключаюць, што ў рамках работы місіі гаворка можа пайсці пра фарміраванне новай праграмы МВФ для Беларусі. «Пакуль гэта будзе ацэнка, але, магчыма, перамовы пяройдуць у фазу разгляду. Гэта будзе новая праграма рэформ, па ацэнцы МВФ, дастаткова жорсткая, можа, нават больш жортская, чым з Антыкрызісным фондам ЕўрАзЭС», — сказаў 3 кастрычніка першы намеснік міністра фінансаў Уладзімір Амарын.

Кіраўнік місіі МВФ Крыс Джарвіс у верасні сказаў журналістам, што 5–17 кастрычніка эксперты фонду прааналізуюць апошнія падзеі ў эканоміцы Беларусі і

«дадуць некаторыя дадатковыя парады».

Разам з тым пра новую праграму фінансавай падтрымкі з боку МВФ размова пакуль не вядзецца. Джарвіс адзначыў, што для выдзялення крэдыту фонд «хоча бачыць моцную і прадэманстраваную прыхільнасць з боку ўладаў, і гэта сапраўды неабходная ўмова для прасоўвання да пагаднення». «Мы не можам рэальна абмяркоўваць тое, колькі фінансавай падтрымкі Беларусі неабходна, пакуль мы не даведаемся больш пра эканамічную праграму, што ляжыць у аснове», — падкрэсліў ён.

Паводле слоў Джарвіса, пазіцыя Савета дырэктараў МВФ заключаецца ў тым, што папярэдне неабходна «ўбачыць моцныя і наглядныя абавязацельствы» з боку беларускіх уладаў на шэрагу кірункаў эканамічнай палітыкі, уключаючы лібералізацыю валютнага курсу, лібералізацыю цэн, узмацненне жорсткасці фінансава-бюджэтнай палітыкі, у тым ліку ў галіне зарплаты.

Падчас удзелу беларускай дэлегацыі ў гадавым сходзе МВФ і Сусветнага банка ў Вашынгтоне (22–25 верасня) быў вызначаны больш падрабязны фармат сустрэч, якія павінны адбыцца ў Мінску падчас візіту місіі МВФ.

Старшыня праўлення Нацбанка Надзея Ермакова 3 кастрычніка паведаміла, што з цяперашняй місіяй МВФ будзе разглядацца пытанне аб прыцягненні дадатковых крэдытаў для рэфінансавання тых, тэрміны вяртання якіх хутка наступаюць. Як паведаміла журналістам Ермакова,

Беларусь хацела б атрымаць ад МВФ 5–8 млрд. долараў для папаўнення золатавалютных рэзерваў,
«каб мы адчувалі сябе ўпэўнена па міжнародных стандартах». Але, як адзначыла яна, пра такую суму, напэўна, размова не пойдзе.

«Таму што калі пазычаць грошы, то трэба думаць, як вяртаць, зарабіць. МВФ, напэўна, таксама не пагодзіцца і не будзе разглядаць такую вялікую суму, таму што сёння ў нас знешні доўг, у прынцыпе, дайшоў да крытычных аб’ёмаў. На маю думку, МВФ будзе думаць, што нам патрэбна будзе валюта дадаткова для рэфінансавання тых даўгоў, якія мы павінны вярнуць МВФ, астатняе мы павінны зарабіць самі», — заявіла кіраўнік Нацбанка.

Нагадаем, у 2009–2010 гадах Беларусь атрымала пяць траншаў крэдыту МВФ па праграме stand-by. Агульная сума сродкаў, выдзеленых фондам у рамках стабілізацыйнай праграмы, склала каля 3,46 млрд. долараў.

У Нацбанку заяўлялі, што праграма stand-by адыграла «адну з ключавых ролей у стабілізацыі эканомікі Беларусі ў 2009 — пачатку 2010 года, дазволіла падтрымаць стабільнасць на валютным рынку, забяспечыць большую ўстойлівасць фінансавай сістэмы, падтрымаць упэўненасць інвестараў і дамашніх гаспадарак».

Тэрміны вяртання даўгоў МВФ наступаюць у 2012–2013 гадах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?