Апошняе пасяджэнне Саўміна, якое прайшло 2 жніўня, пакінула дваістае ўражанне.

З аднаго боку, урад ужо не хавае рэальных праблем у эканоміцы і публічна пра іх кажа. Так, прэм’ер

Міхаіл Мясніковіч назваў прычынай цяперашніх бед «экстэнсіўную эканоміку», прызнаўшы такім чынам неэфектыўнасць хвалёнай беларускай мадэлі.
Аднак пры гэтым ён жа ставіць задачы, выканаць якія нерэальна. Такая непаслядоўнасць наводзіць на думку аб адсутнасці ва ўрада выразнай антыкрызіснай палітыкі.

Як заявіў прэм’ер-міністр, «складанасці функцыянавання народнай гаспадаркі ў першым паўгоддзі бясспрэчна сведчаць, што залішняе захапленне экстэнсіўнымі фактарамі росту стварае праблемы».

Мясніковіч звярнуў увагу на такія праблемы, як эмісійныя крэдыты, бюджэтныя пазыкі, ільготы, дзяржаўны пратэкцыянізм. «Гэтых умоў больш не будзе, занадта балючая плата за іх выкарыстанне», — падкрэсліў кіраўнік урада.

Цяперашні год ён назваў «момантам ісціны для кожнага кіраўніка», паабяцаўшы правесці «атэстацыю кадраў на месцах».

Прэм’ер заклікаў міністраў і дырэктараў быць больш кемлівымі. «Выгады ад зніжэння курсу нацвалюты маюць часовы характар і хутка мінаюць, таму міністры і вытворцы павінны разумець, што такія выгадныя, як сёння, умовы экспарту будуць не заўсёды», — сказаў ён.

Дарэчы, аб курсе.

Міністр эканомікі Мікалай Снапкоў канстатаваў наяўнасць трох курсаў. «Гэта 5 тысяч рублёў — курс Нацбанка, 6,2 тысячы рублёў — ценевы наяўны курс і 6,8 тысячы — ценявы безнаяўны курс»
, — адзначыў ён.

Дадамо, што сёння на чорным рынку наяўнай валюты даляр купляюць ужо па 6 400–6 500 беларускіх рублёў, а на міжбанкаўскім рынку курс даляра дасягнуў 7 100–7 200 рублёў.)

У такіх умовах, заявіў міністр эканомікі, прадпрыемствы вымушаныя адкладаць паступленне валютнай выручкі ад экспарту, каб не ажыццяўляць абавязковы продаж яе часткі Нацбанку па нявыгадным курсе, і імкнуцца наогул сыходзіць ад разлікаў у замежнай валюце. Не мае магчымасці свабодна набываць валюту і насельніцтва, прызнаў Снапкоў.

Яшчэ адна сур’ёзная праблема — прыцягненне прамых замежных інвестыцый. У гэтым годзе, паводле слоў кіраўніка Мінэканомікі, іх аб’ём наўрад ці перавысіць 2 мільярды даляраў пры заданні 6,5 мільярда.
Нарэшце, падкрэсліў міністр, не можа не хваляваць зніжэнне эфектыўнасці работы рэальнага сектара эканомікі. Па дадзеных Мінэканомікі, колькасць прадпрыемстваў з блізкім да нуля узроўнем рэнтабельнасці расце, а 
51% арганізацый маюць рэнтабельнасць не вышэй за 5%.

Замежны дзярждоўг Беларусі па выніках года можа вырасці да 73% ВУП пры парогавым значэнні ў 55%, паведаміў віцэ-прэм’ер Сяргей Румас. Міністэрства фінансаў і эканомікі «павінны ўжо цяпер выпрацаваць выразную стратэгію абслугоўвання замежнага доўгу», падкрэсліў ён.

На фоне гэтай інфармацыі як мінімум нелагічна прагучала патрабаванне Мясніковіча не дапусціць зніжэння рэальных даходаў насельніцтва ў параўнанні з 2010 годам.
Тым больш што прэм’ер не растлумачыў, якім чынам гэта патрабаванне ўвасобіць у жыццё.

У дадзеным выпадку Мясніковіч якраз прадэманстраваў той самы «экстэнсіўны метад», які сам жа асудзіў, адзначае эканаміст Леў Марголін.

«Ставіць перад падначаленымі невыканальныя даручэнні — гэта і азначае дзейнічаць экстэнсіўным чынам.
Інтэнсіўны шлях развіцця прадугледжвае рэальную ацэнку магчымасцяў, арыентацыю не на колькасныя, а на якасныя паказчыкі», — кажа эксперт.

На яго думку, цяперашні ўрад не можа дзейнічаць інакш, бо цалкам падпарадкавана прэзідэнту. А той, у сваю чаргу, неаднаразова заяўляў аб правільнасці абранага эканамічнага курсу.

Гэты пункт гледжання падтрымлівае яшчэ адзін эканаміст — Леанід Злотнікаў.

«Ва ўрадзе ёсць людзі, якія выдатна разумеюць, што менавіта трэба рабіць, — сказаў ён у інтэрв’ю для „Беларускага тыдня“. — Праблема ў тым, што ўрад нічога не вырашае. А асяроддзе прэзідэнта, па вялікім рахунку, не зацікаўленае ў лібералізацыі. Многія трымаюць свой бізнэс „пад дахам“ высокага кіраўніцтва. Яны маюць грошы ад таго, што набліжаны да ўлады, а не ад якасці бізнесу, таму лібералізацыя ім зусім не выгадная», — лічыць эканаміст.

Злотнікаў звярнуў увагу на супярэчлівыя заявы чыноўнікаў, якія могуць сведчыць толькі пра адно: ва ўрадзе няма не толькі выразнай антыкрызіснай праграмы, але нават адзінага бачання шляхоў выхаду з крызісу.

Так, калі прадстаўнікі Мінэканомікі неаднаразова заяўлялі аб неабходнасці паступлення валюты ў вольны продаж, то новы кіраўнік Нацбанка Надзея Ермакова лічыць, што насельніцтву зусім не абавязкова мець на руках валюту, пра што яна публічна заявіла падчас свайго афіцыйнага прадстаўлення ў новай пасадзе.

Між тым менавіта выразнай, канкрэтнай антыкрызіснай праграмы чакае ад беларускага ўрада Міжнародны валютны фонд, у якога Мінск просіць чарговы стабілізацыйны крэдыт.

Без выразнага антыкрызіснага плану Беларусь не атрымае крэдыту, заявіла 4 жніўня пастаянная прадстаўніца МВФ у Беларусі Наталля Калядзіна. Паводле яе слоў, урад павінен прадставіць МВФ як пакет мер макраэканамічнай палітыкі, так і пакет структурных пераўтварэнняў.

Калядзіна станоўча адгукнулася аб некаторых кроках, зробленых уладамі.

«У частцы грашова-крэдытнай палітыкі станоўчым з’яўляецца тое, што з 1 чэрвеня Нацбанк спыніў падтрымку банкаў па крэдытаванні дзяржпраграм. Таксама станоўчым момантам з’яўляецца павышэнне працэнтных ставак, выкананне бюджэту па выніках паўгоддзя з прафіцытам», — адзначыла прадстаўнік МВФ.

Аднак такія меры адзінкавыя, не сістэмныя. «Нам бы хацелася бачыць поўны пакет мер», — падкрэсліла Калядзіна.

На думку аналітыкаў,

падштурхнуць беларускае кіраўніцтва да эканамічных рэформаў можа толькі рэальная пагроза страты ўлады. Але нават у гэтым выпадку перыяд рэформаў будзе часовым: пасля атрымання крэдытаў і стабілізацыі сітуацыі ўсё вернецца на кругі свая
, лічыць Леанід Злотнікаў.
Ён прагназуе далейшае развіццё інфляцыі і падзенне рэальнага курсу беларускага рубля, нават калі дэвальвацыя не будзе аб’яўлена афіцыйна.
«Усё гэта пагражае скончыцца стагнацыяй вытворчасці, беспрацоўем, падзеннем ўнутранага попыту, збядненнем насельніцтва», — лічыць эканаміст.

Прынцыповыя рашэнні ў сферы валютнай і эканамічнай палітыкі павінны быць прыняты ў другой палове жніўня на нарадзе ў прэзідэнта з удзелам кіраўніцтва ўрада і Нацбанка.

«Там будуць разгледжаны пытанні функцыянавання эканомікі ў цяперашніх умовах і прыняты сур’ёзныя рашэнні па валютнай і эканамічнай палітыцы ў гэтым годзе, а таксама вызначаны задачы на 2012 год. Плануецца выйсці на прынцыповыя рашэнні, якія шмат у чым вызначаць эканамічную стратэгію беларускай дзяржавы», — паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Чакаецца, у прыватнасці, што будзе прынята рашэнне аб выхадзе на адзіны курс рубля. Якім будзе гэтае рашэнне, эксперты прагназаваць не бяруцца, з прычыны, ізноў-ткі, разнабою ўнутры ўрада.

Не выключана, што ўлады працягнуць падтрымліваць цяперашні курс, дапускаючы толькі ваганні ва ўстаноўленым 12-адсоткавым калідоры па адносінах да кошыка валют. Такой пазіцыі, мяркуючы па ўсім, прытрымліваецца Нацбанк.

Але

можа здарыцца і так, што ўлады, вымушаныя прытрымлівацца рэкамендацый міжнародных крэдытораў, вырашацца на яшчэ адну дэвальвацыю. Па прагнозах аналітыкаў, яна можа скласці ад 25 да 40 адсоткаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?