Адзінае ў Беларусі прадпрыемства, якое вырабляе касцяны клей, ААТ «Мажаліт» у Магілёве, з 1 ліпеня спыніць яго вытворчасць.

«Патрэба ў гэтым клеі стала практычна нулявой. Дзесьці ёсць патрэба тон 13, а то і 8 тон у месяц. А нашы магутнасці — 500 тон клею ў месяц. У апошні час мы выраблялі 30 тон. Занадта стратна, нявыгадна. Гэта энергаёмістая прадукцыя. І гэтыя 30 тон мы рэалізаваць не маглі. У нас сёння на рэшце паўгадавы запас — 200 тон рэшты клею ляжыць на складзе», — паведаміў дырэктар прадпрыемства Вікенцій Ермалёнак.

Паводле яго слоў, апошнім часам касцяны клей, які называюць яшчэ сталярным, ішоў галоўным чынам на вытворчасць клеявай стужкі для змацавання кардонных скрынак. «Ёсць такое прадпрыемства „Бархім“, якое вырабляе стужку, выкарыстоўваючы паперу і наш клей. Спажывала прыкладна 3.000 тон клею ў год. Сёлета яно спажыло 10 тон за паўгоддзе. Усе перайшлі дружна на скотч, хацяь скотч не утылізуецца, а папера ўтылізуецца», — сказаў Ермалёнак, адзначыўшы, што скрынкі з клеявай стужкай з’яўляюцца экалагічна чыстымі адходамі.

Адна з асаблівасцяў вытворчасці касцянога клею ў тым, што яго цыкл бесперапынны.

«Дзень выпускаць, дзень не выпускаць — так нельга. Такія малыя колькасці рабіць практычна немагчыма, эканамічна немэтазгодна», — заявіў дырэктар.

У вытворчасці клею было задзейнічана 66 чалавек. У цэху пакуль застануцца 30–35 чалавек, якія будуць працаваць на вытворчасці касцянога шроту і тэхнічнага тлушчу. Астатнія будуць вырабляць жэлацін, вытворчасць якога з’яўляецца асноўным кірункам дзейнасці прадпрыемства. «Частку людзей мы перавялі ў жэлацінавы цэх у сувязі з тым, што там працавалі пенсіянеры, якія пайшлі на пенсію. У загадным парадку ніякага скарачэння не было», — заявіў кіраўнік «Мажаліта».

Паводле яго інфармацыі, абсталяванне, на якім вырабляўся касцяны клей, будзе дэмантавана. Вызваленыя вытворчыя памяшканні плануецца аддаць для другой лініі па вырабе жэлаціну.

Цяпер, адзначае Ермалёнак, у Еўропе вытворчасці касцянога клею ўжо няма. Пакуль працуе завод у Лісічанску (Украіна). Пра падобныя прадпрыемствы ў Расіі, паводле слоў дырэктара, «нічога не чуваць». «Масква рэалізоўвала наш клей і лісічанскі», — сказаў ён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?