Затрыманых удзельнікаў учарашняй акцыі маўклівага пратэсту «Рэвалюцыя праз сацыяльную сетку» караюць штрафамі.
Паводле даных праваабаронцаў, працэсы над затрыманымі цяпер ідуць у судах Ленінскага, Цэнтральнага, Савецкага і Партызанскага раёнаў сталіцы.
У судзе Савецкага раёна адзін з затрыманых Кірыл Сакалоўскі паведаміў БелаПАН, што яго прызналі вінаватым па артыкуле 17.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (дробнае хуліганства) і пакаралі штрафам у памеры дзвюх базавых велічынь (адна базавая велічыня складае 35 тысяч рублёў).
У суд Савецкага раёна даставілі восем чалавек. Паводле слоў Сакалоўскага, іх разбілі на некалькі груп, і цяпер працэсы праходзяць у розных пакоях. Асуджаны таксама паведаміў, што некаторыя пакараныя штрафамі ў памеры 20 базавых велічынь (700 тыс.).
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у суд Цэнтральнага раёна дастаўлены пяць чалавек. Адзін з іх, Аляксандр Кулбун, ужо аштрафаваны на 20 базавых велічынь.
Суд Партызанскага раёна разгледзеў адміністрацыйныя справы чатырох затрыманых. Сяргей Канаплянік пакараны штрафам у 20 базавых велічынь, Дзмітрый Казак — 28, Дзмітрый Белых — 20, Максім Рагавы — 25 базавых велічынь.
Працэсы над затрыманымі таксама праходзяць у судзе Ленінскага раёна. Тут павінны судзіць Максіма Чарняўскага, Андрэя Дварэцкага і яшчэ аднаго ўдзельніка акцыі, прозвішча якога невядомае.
Па дарозе ў суд аднаго з затрыманых, Усевалада Яцкога, перасадзілі ў аўтамабіль ВАЗ белага колеру і павезлі ў невядомым напрамку, паведамляюць праваабаронцы. Паводле некаторых звестках, яго адвезлі для допыту ў КДБ.
Усяго, паводле папярэдніх даных праваабаронцаў, сёння павінны судзіць прыкладна 20 чалавек. Усе яны былі затрыманыя вечарам 22 чэрвеня і правялі ноч у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна. Затрыманых абвінвачваюць у дробным хуліганстве.
Большасць асуджаных не могуць мець зносіны з журналістамі, бо з залы суда іх адразу адвозяць у РУУС па рэчы.