У вёсцы Дзяржынск Лельчыцкага раёна згарэў Дом культуры.

Будынак загарэўся каля 4 гадзін раніцы 14 чэрвеня. Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Габрылёў, у выніку пажару знішчаны дах, столевае перакрыцце, мэбля, музычны цэнтр, DVD-прайгравальнік і два кінапраектары.

Найбольш верагодныя версіі прычыны ўзнікнення пажару — прамое пападанне маланкі, неасцярожнае абыходжанне з агнём або парушэнне правіл эксплуатацыі электраабсталявання. Дакладная прычына пажару і матэрыяльны ўрон ўстанаўліваюцца спецыяльнай камісіяй.

Будынак Дома культуры з бярвення, 1978 года пабудовы, належыць аддзелу культуры Лельчыцкага райвыканкама. Напярэдадні пажару якія-небудзь мерапрыемствы ў будынку не праводзіліся.

У МНС дадалі, што ў Доме культуры не былі выкананы прапанаваныя супрацьпажарныя мерапрыемствы.

У дачыненні да 14 сельскіх дамоў культуры Лельчыцкага раёна дзейнічаюць пастановы аб забароне эксплуатацыі, у дачыненні яшчэ да 11 вынесены папярэджанні аб забароне эксплуатацыі, у тым ліку і па дзяржынскім Доме культуры. Сёлета пракуратура раёна і раённы выканаўчы камітэт двойчы былі праінфармаваныя аб стане пажарнай бяспекі аб’ектаў культуры.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?