Як усё-такі добра жыць у нашай краіне! Мірнае неба, чыстыя вуліцы, ветлівыя людзі. Стабільная эканоміка, нізкая злачыннасць, сапраўды народная ўлада. Ну проста рай на зямлі! Прыгажосць!

Адзінае, што перашкаджае гэтай прыгажосці, — апазіцыя. Яна псуе ўсю карціну. Яна кажа: «Не, усё не так, усё дрэнна, усё значна горш, чым вам здаецца! Зайдзіце ў інтэрнэт, пачытайце незалежныя газеты — і вы ўбачыце, што робіцца ў нашай кране…» Дзякуй Богу, не ўсе трымаюцца гэтых парадаў, і застаюцца ў стабільнай дэмакратычнай Беларусі. Але і

тыя, хто выканаў усе дзеянні, не заўжды могуць трапіць у так званую Іншую Беларусь. Гэта як зазірнуць у шчыліну замка або паглядзець праз матавае шкло. А хочаце сапраўды трапіць у гэтую Іншую Беларусь?

Для гэтага не трэба хадзіць на несанкцыянаваныя мітынгі (дарэчы, паспрабуйце схадзіць на санкцыянаваны — розніца невялікая).

Ёсць у дэмакратычнай Беларусі адна забароненая зона. Не, не Палескі радыяцыйны запаведнік. У яе іншая назва — палітыка.
Менавіта ў ёй ёсць партал у Іншую Беларусь. «Ды к чорту гэтую палітыку, хай ёю палітыкі займаюцца!» Так, з палітыкай у нашай, ды і не толькі нашай краіне звязвацца нікому не хочацца.
Але справа ў тым, што Беларуская Забароненая Зона выходзіць далёка за межы палітыкі і ахоплівае эканоміку, культуру, адукацыю, мастацтва.

Вось і паспрабуйце што-небудзь з гэтага спісу, да чаго душа болей ляжыць. Раскажыце ў школе ці на працы пра золатавалютныя рэзервы, працытуйце Быкава ці Някляева. Абмяркуйце новы альбом N.R. M. Калі нічога з гэтага вы не ведаеце і нават спрабаваць не хочаце — што ж, вы жывяце якраз у той Беларусі, якую паказваюць у тэлевізары, віншую! Але калі вы штосьці паспрабавалі, то, напэўна, заўважылі, як мяняецца свет вакол вас. Не адразу, вядома, але заўважна. Ветлівыя людзі, з якімі вы ўчора размаўлялі і жартавалі, стануць вам чужымі. За вас возьмуцца начальнікі, педагогі, ідэолагі.

Рознымі шляхамі яны будуць вам даводзіць, што нельга пра ўсё казаць (мне 16, і мне казалі, што да 18 я не маю права выказваць свае палітычныя погляды).
Вас гэта будзе абураць: «А якая вам справа да таго, што я гавару?! Я ж ніякіх законаў не парушаю. У нас жа дэмакратычная дзяржава?.." А вось не, вы ужо ў Іншай Беларусі, дзе няма ніякай дэмакратыі ды стабільнасці. І шляху назад ужо няма.
Што асабліва цікава, дык гэта тое, што ўваход у Забароненую Зону не даруецца нікому. Ні аднаму з найлепшых журналістаў краіны, ні нават «паэту ад Бога». Калі б доктар Хаўз працаваў у Беларусі, яго б даўно звольнілі без усякіх другіх сезонаў.
Я і сам не «адмарозак», добры вучань, нават на рэспубліканскіх алімпіядах нешта атрымліваў. Але не гэта галоўнае аказалася для школы.
Як казаў хтосьці з кіраўнікоў адукацыі, школа павінная не рыхтаваць да вышэйшай адукацыі, а выпускаць патрыётаў Радзімы. «Што гэта вы там запіскі перадаяце?! — Ды якія запіскі, мы проста ў карты гуляем! — А, тады добра, прабачце…»

Хутчэй за ўсё, гэта не адзіны шлях у Іншую Беларусь. Але, напэўна, самы хуткі. У якой з краін жыць — выбірайце самі. Пераглядзіце «Матрыцу», можа, дапаможа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?