Рэчавыя доказы, знойдзеныя беларускімі спецыялістамі на месцы выбуху, цалкам адпавядаюць тыпу прыстасавання, узарванага на станцыі метро «Кастрычніцкая».

Пра гэта гаворыцца ў справаздачы кіраўніка ізраільскіх паліцэйскіх экспертаў капітана Ігара Пекермана, перададзенай часоваму паверанаму ў справах пасольства Ізраіля ў Беларусі Асафу Браху. Тып выбуховага прыстасавання ў паведамленні пасольства не названы.

Група завяршыла сваю працу 17 красавіка. «Паводле ізраільскіх законаў паліцэйскія эксперты не маглі сустракацца з прадстаўнікамі прэсы для асвятлення сваёй працы на месцы выбуху», — падкрэсліваецца ў паведамленні.

Пекерман зазначыў, што ізраільская дэлегацыя зыходзячы са сваёй спецыялізацыі «займалася даследаваннем механізму дзеяння выбуховага прыстасавання і не займалася пошукамі злачынцы». Дэлегацыя прыбыла ў Мінск па запрашэнні беларускіх уладаў раніцай 12 красавіка і «без прамаруджвання адправілася на месца трагедыі, дзе, паводле слоў ізраільскага эксперта, ужо вельмі прафесійна і арганізавана працавалі беларускія спецыялісты».

Як зазначыў у сваёй справаздачы Пекерман, спосабы расследавання злачынства або тэрарыстычнага акта аднолькавыя ва ўсіх краінах.

«Каментуючы працу беларускіх спецыялістаў, капітан Пекерман назваў сістэматычнасць і зладжанасць як асноўныя фактары, што дазволілі беларускім службам пры расследаванні выбуху не прапусціць ні самай дробнай дэталі датычна выбуховага прыстасавання», — паведамляе пасольства.

«Падчас працы ў Беларусі ізраільскія эксперты атрымлівалі ўсё неабходнае садзеянне ад беларускіх службаў, — зазначыў Пекерман у справаздачы. — Для нас было вельмі важна тое, што станцыя „Кастрычніцкая“ была зачыненая і да нашага прыезду не функцыянавала. Мы разумеем, наколькі нехарактэрна спыняць працу такой важнай і „загружанай“ станцыі метрапалітэна ў чаканні прыезду замежных спецыялістаў».

Група ізраільскіх экспертаў складалася з сямі чалавек: медыцынскіх экспертаў, экспертаў у сферы барацьбы з тэрорам, паліцэйскіх спецыялістаў па апазнанні астанкаў, прадстаўнікоў Службы агульнай бяспекі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?