6 красавіка патрыярху беларускай дыяспары Барысу Кіту спаўняецца 101 год.

Барыс Кіт. Фота Анатоля Клешчука.

Барыс Кіт. Фота Анатоля Клешчука.

Барыс Кіт — былы дырэктар Віленскай і Наваградзкай беларускіх гімназіяў, а пасля эміграцыі — амэрыканскі навуковец, спэцыяліст у галінах астранаўтыкі, матэматыкі, фізыкі, хіміі, ганаровы прафэсар Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту ў ЗША, акадэмік Міжнароднай акадэміі астранаўтыкі.

Напярэдадні гэтай даты Барыс Кіт выказаў падтрымку беларускім палітвязьням.

Ніякіх асаблівых урачыстасьцяў на свой 101-ы дзень народзінаў Барыс Кіт не плянуе, ён зьбіраецца сустрэць сьвята ў вузкім коле блізкіх і сяброў у нямецкім Франкфурце-на-Майне, дзе жыве ад 1972 г.

Спадар Кіт па-ранейшаму імкнецца весьці актыўны лад жыцьця, хаця, як кажа, здароўе ў яго ўжо слабое:

«Згодна з маім узростам здароўе ўжо не можа быць моцным. У такім узросьце ўсе людзі робяцца слабымі. Гэта натуральна. Ужо, ведаеце, не магу хадзіць, вельмі мала хаджу. Хваробы мае зьвязаныя з узростам — усё прычэпліваецца… Але яшчэ мацуюся!»

Нягледзячы на гэта Барыс Кіт актыўна цікавіцца, што адбываецца ў Беларусі, ЗША і іншых краінах,:

«Чытаю, што магчыма, але робяцца слабымі вочы. Шмат не магу ўжо чытаць. Рыхтую кнігі, усялякія свае рэчы, якія пляную выслаць у мой музэй у Наваградак».

Сябры Барыса Кіта ў Менску да ягонага дня народзінаў зьбіраюцца выпусьціць кнігу, падрыхтаваную пасьля ягонага 100-гадовага юбілею. Спадар Кіт кажа, што актыўна падтрымлівае кантакты зь сябрамі ў Беларусі, і што цяпер ён вельмі занепакоены тым, што адбываецца на Бацькаўшчыне:

«Вельмі сумна, што так робіцца на Беларусі.

Гэта прыпамінае мне мае гады, калі я жыў у Польшчы, і таксама сядзеў у турмах. Але выжыў. Два разы сядзеў пры польскай уладзе і адзін раз — пры нямецкай, у Глыбокім, у камэры сьмяротнікаў… Вельмі сумна і дрэнна гэта, але такі, відаць, наш лёс беларускі — заўсёды даводзіцца сядзець у турмах. Ніяк не можа Беларусь трапіць у добры час. На Ўкраіне трошкі лепей і лягчэй, таксама як і ў Польшчы, яны выйшлі наперад, узьняліся. А Беларусь яшчэ ня можа ніяк…»

Сёньня, калі Барыса Кіта чакаюць шматлікія віншаваньні і пажаданьні з нагоды 101-га дня народзінаў, ён выказаў і свае пажаданьні землякам, асабліва тым, хто знаходзіцца ў турэмных засьценках:

«Жадаю самага найлепшага шчасьця ва ўсім: у прыватным жыцьці, і ў змаганьні за нашую краіну! Жадаю ім вытрываць цяжкія цярпеньні».

* * *

Народжаны на Наваградчыне, перад вайной і ў вайну ён працаваў выкладчыкам матэматыкі і дырэктарам у беларускамоўных гімназіях. Пры канцы вайны эміграваў на Захад. У ЗША ён стаў славутым. Ён працаваў на касмічнае агенцтва НАСА, вынайшаў паліва для ракетных рухавікоў.

На пенсію Кіт пераехаў з ЗША ў Нямеччыну, у Франкфурт-на-Майне, каб быць бліжэйшым да Бацькаўшчыны. Колькім людзям ён дапамог! У свае гады дзядзька не губляе жыццялюбства. У інтэрв’ю на стогоддзе ён з цеплынёй апавядаў пра «цудоўныя моманты жыцця, якія правёў з кабетамі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?